Успаміны пра семдзесят гадоў (1855–1925). Гіпаліт Корвін-Мілеўскі

Читать онлайн.
Название Успаміны пра семдзесят гадоў (1855–1925)
Автор произведения Гіпаліт Корвін-Мілеўскі
Жанр
Серия
Издательство
Год выпуска 0
isbn 9785006545892

Скачать книгу

ніхто не спыняў, але калі мы рыссю спускаліся па стромай дарозе, дык нас дагналі казакі, якія заўзята направа і налева махалі нагайкамі, а злева (пад гару) з боку Пагулянкі, якая тады не была забудавана ажно да вуліцы Завальнай і не мела тратуараў, ішла не вельмі шматлікая, але ўжо часткова разагнаная працэсія, людзі спявалі «Божа, што ж Польшча» і неслі некалькі жалобных харугваў. Мы без праблем дабраліся да дома Мілера на вуліцы Нямецкай, і, як толькі прыехалі, нас наведаў малады архітэктар пан Шалевіч, сын вышэйзгаданага адважнага пана Юзафа, які зрабіў нам гарачую справаздачу аб падзеях.

Аказалася, і я пачуў гэта праз шмат гадоў ад другога ўдзельніка гэтай маніфестацыі пана Антушовіча, тлум на Пагулянцы ўзбудзіла вестка… што з Коўні па шляху Напалеона ўжо ідзе французская армія, якую ў Вержбалове высадзіў англійскі флот!38 Натуральна, у гэтых маніфестацыях удзельнічалі і нашы абавязковыя «аніматаркі» падобных выбрыкаў, то бок мілыя пані і паненкі. На чале іх у Вільні таго часу стаяла пані Александрына Лубанская з Сулістроўскіх, якая паўсюль лётала, нібы матылёк, паўтараючы: «Il faut chauffer, il faut chauffer» («Трэба падвышаць напал, трэба падвышаць напал», фр. – Л. Л.) і чароўная пані Ізя Тышкевічава з Вакі, якая спецыялізавалася на вытанчаных нахабствах у адносінах да генерал-губернатара Назімава, а таксама сімпатычная і мілая панна Валіцкая, якая на Пагулянцы падчас гэтага паходу на Коўню, добра атрымала нагайкай па плячах ад казака, але праз два гады адпомсціла Маскве тым, што выйшла замуж за праваслаўнага пана Міхала Камара39.

Аповед маладога Шалевіча пакінуў у маіх бацькоў вельмі дрэннае ўражанне. Бацька ўжо прадбачыў, да чаго прывядзе гэтае вар'яцтва. З ім пагаджалася і маці, яна хоць і была вельмі рэлігійнай і патрыятычна ўзнёслай, але з-за стану здароўя вяла эгацэнтрычны лад жыцця і была схільная заставацца над падзеямі. Калі бацька цвёрда вырашыў, што ні ён, ні хто з яго сям'і не будзе ўдзельнічаць у гэтых дзіцячых і небяспечных маніфестацыях, маці без пратэсту падпарадкавалася ў такой важнай справе рашэнню галавы сям'і і была, бадай, адзінай жанчынай, якая да канца не насіла жалобы40. Яна заўсёды надзявала рознакаляровыя ўпрыгожванні на сябе і сваіх траіх дзяцей. Гэта, канешне, не адмяняла болю ад страт, якія, як я пакажу пазней, нам было наканавана пацярпець ад маскоўскага ўраду, у той час, калі многія з дэманстрантаў і падпальшчыкаў неяк шчасліва пахаваліся.

Шмат што адрознівае мяне ад поглядаў і метадаў дзеяння пана Рамана Дмоўскага41, аднак, усё ж я горача абняў бы яго, бо ў сваёй апошняй кнізе «Як адбудоўвалася Польшча» ён, бадай, першы з нашых палітычных карыфеяў меў шчырасць і смеласць выказаць думку, што ўсе нашы паўстанні выбухнулі нясвоечасова і нам трэбы казаць не пра заслугі іх правадыроў, а пра цяжкія грахі перад Бацькаўшчынай. Як потым у Вільні казаў Падарэўскі42, нельга хадзіць з паходняй каля сямейнай страхі, той, хто так робіць, калі ён нават і выпадкова падпаліць

38

У 1855 г. памёр цар Мікалай І, Расія атрымала ганебную паразу ў Крымскай вайне. Сітуацыя, у якой у 1855 г. быў каранаваны новы цар Аляксандр II, адназначна дыктавала неабходнасць рэформаў і лібералізацыі рэжыму. Улады на той момант не мелі праграмы пераўтварэнняў, але «польскае пытанне» непазбежна адразу апынулася ў цэнтры іх увагі. Імператар французаў Напалеон III дэклараваў сабе як абаронца правоў нацыянальнасцей. – Л. Л.

39

Першая маніфестацыя ў Вільні адбылася 20 траўня 1861 г. Пасля яе пратэсны рух пракаціўся па ўсёй гістарычнай Літве: арганізоўваліся паніхіды па загінуўшых у Варшаве, хросныя хады, адзін з якіх у Коўні прайшоў па мосце цераз Нёман і сімвалізаваў унію Літвы і Польшчы. У жніўні 1861 г. у Вільні пасля службы ў касцёле і спеваў гімнаў, каля 5 000 чалавек – шляхты, гараджан і сялян – прайшлі па горадзе ў знак «сардэчнага збліжэння», падчас мірнай маніфестацыі на Пагулянцы рускае войска па камандзе Назімава ўжыло зброю, загінула 11 чалавек. – Л. Л.

40

У чэрвені 1863 года генерал-губернатар Мураўёў забараніў жанчынам нашэнне жалобы нават па страчаных мужах, братах і бацьках. – Л. Л.

41

Раман Станіслаў Дмоўскі (1864—1939), польскі палітычны дзеяч, публіцыст. Дмоўскі распрацаваў асновы нацыянальна-дзяржаўнай арганізацыі Другой Рэчы Паспалітай на падставе канцэпцыі інкарпарацыі і выступаў супраць федэратыўнай канцэпцыі Пілсудскага. У 1923 міністр замежных спраў. Пасля прыходу да ўлады Пілсудскага ў 1926 г. стварыў апазіцыйны «Лагер Вялікай Польшчы», які ў 1933 г. быў забаронены. Сярод іншага, Дмоўскі пісаў пра фатальную ролю «польскага пытання» для гісторыі Рускай Імперыі: далучэнне земляў Рэчы Паспалітай да Імперыі зрабіла немагчымым нармальнае палітычнае развіццё гэтай краіны: «Колькі разоў Расія ўступала на шлях разумных памяркоўных рэформаў і ў часы Аляксандра I, і ў часы Аляксандра II, альбо ў перыяд станаўлення Думы, і кожны раз сыходзіла з гэтага шляху. Галоўнай прычынай было „польскае пытанне“, а дакладней небяспека, што палякі выкарыстаюць палітычныя правы дзеля ўмацавання ўласных пазіцый і падрыву рускай дзяржаўнасці… Трэба было выбіраць паміж эвалюцыйным і рэвалюцыйным шляхамі развіцця. У выніку таго, што „польскае пытанне“ фактычна заблакавала першы з іх, Расія была прыгавораная да рэвалюцыі. Магчыма, апошнія падзеі ў Расіі (маецца на ўвазе рэвалюцыя 1917 г. – Л. Л.) з'яўляюцца расплатай за панаванне над Польшчай» – Л. Л.

42

Ігнацы Ян Падарэўскі (1860—1941), польскі піяніст, кампазітар, дзяржаўны і грамадскі дзеяч, дыпламат. Са студзеня па снежань 1919 г. займаў пасаду прэм'ер-міністра і міністра замежных спраў Польшчы. – Л. Л.