Название | Завеі, снежань |
---|---|
Автор произведения | Іван Мележ |
Жанр | Литература 20 века |
Серия | |
Издательство | Литература 20 века |
Год выпуска | 1976 |
isbn | 978-985-02-0190-4 |
Дубадзел гаварыў амаль без прыпынку, усё высокім голасам – вінаваціў, заклікаў. Па тым, як ён гаварыў, адчувалася, што для яго не так важныя самі словы, думкі, якія ішлі часта без ладу, паўтараліся, – колькі тон прамовы, той запал, якім ён не даваў прытухаць ні на секунду.
– От рэжа! Як рэпу грызе! – сказаў нехта каля Ганны, у прыцемку калідора. Яна ўлавіла ў голасе непрыхільнасць.
– Стараецца! – адгукнуўся хтосьці іншы, хрыпаты, прастуджаны. – Прапіўся, паляцеў з сельсавета, дак цяпер са скуры лезе!
– Начальство ж унь, побач сядзіць! Заўважыць можа!
– Аж ахрып! І патыліца – умокла!..
Патыліца, праўда, мокла ад поту, Дубадзел нецярпліва раз-пораз выціраў яе далоняй. І хрып, што далей, то больш: усё часцей вымушан быў прыпыняцца, пракашлівацца. Але і не думаў канчаць гаворку. Ганна не першы раз дзівілася яго настойлівасці і ўпартасці. Здзіўленне яе, як і ў тых, што смалілі цыгаркі побач у прыцемку, было не толькі без якой-небудзь спагады, а рэзка непрыхільным: за ўсім тым, што гаварыў Дубадзел, увесь час адчувала яна жывога яго, даўно ўжо і непрыемна знаёмага ёй. «Даў жа Бог сілу чалавеку і зацятасць!..» – думала яна з насмешкай, цярпліва чакаючы, калі ж ён зможацца. Водзячы вострым позіркам па тварах людзей, што сядзелі ў пакоі, яна бачыла, што многія з іх таксама амаль не слухалі і чакалі таго ж самага. Вельмі ж добра вядома была ўсім асоба гарачага прамоўцы! Ганна захацела пабачыць, як слухае Дубадзела Башлыкоў, але з калідора відна была ёй толькі спіна. Усё ж яна суцешыла сябе: «Етаго не правядзе, пэўне! Еты бачыў ужэ такіх, не інакш!..»
2
Гайліс пасля Дубадзела загаварыў, здалося, незвычайна спакойна, ціха. Выпрастаны, у вайсковым кіцелі, з акуратна зачасанымі назад русявымі валасамі, стаяў ён за сталом і нехапатліва, старанна вымаўляючы кожнае слова, выразна выказваючы кожную думку, разважаў:
– Былі недахопы ў рабоце. Это – праўда. Былі. І недахопы немалыя. Вялікія… – Людзі і ў калідоры, і ў пакоях глядзелі моўчкі, пільна чакалі. Ён жа спакойна, важна клаў, нібы цагліны: – Чэсныя людзі работалі, работалі, а палучылі – мало. Дзвесце грамаў за дзень – это не палучка. Кілаграм картошкі – тожэ не палучка!..
– Не палучка! – выдыхнуў хтосьці побач з Ганнай.
– Правільно!
У калідоры і ў пакоях завірыў усхваляваны, гарачы гоман. Гайліс нерухома, быццам безуважна, пастаяў, перачакаў яго.
– Мало кармоў нарыхтовано, – павёў ён тым жа роўным, важкім