Название | Завеі, снежань |
---|---|
Автор произведения | Іван Мележ |
Жанр | Литература 20 века |
Серия | |
Издательство | Литература 20 века |
Год выпуска | 1976 |
isbn | 978-985-02-0190-4 |
Вячэра пайшла ўдала. Башлыкоў, відаць, добра-такі нахадзіўся за дзень: і гуркі, і капуста, і боршч – усё было ўсмак. Наліўка аказалася проста акрасай вячэры: яшчэ тройчы бутэлька ў спрытных руках Параскі абыходзіла чаркі, пакуль Башлыкоў не прыкрыў сваю цвёрда далонню. Даў знак, што – даволі. Упіцца гэтай вадою не ўпіліся і жанчыны, а ўсё ж наліўка зрабіла сваё. Хмель на час разгладзіў твар нават Башлыкова, які тут, за сталом, сярод павесялелых, незласліва кплівых жанчын, ужо не так паныла глядзеў на свет.
Ён помніў сябе і цяпер: ніякіх жартаў асаблівых не дазваляў сабе; Параску распытваў пра тое, як даводзіцца працаваць, ці хопіць дроў, ці памагае сельсавет, як наведваюць школу дзеці. Параска адказвала то сур'ёзна, то жартам – строіла з сябе весялуху, і ён час ад часу, хоць і неахвотна, пасмейваўся з ёю. Калі ён смяяўся, здаваўся яшчэ нібы прыгажэйшым, а галоўнае – станавіўся хораша таварыскім. Нібы бліжэў.
Ганну ён не распытваў: ёй думалася – таму, што лічыў – яе няма аб чым распытваць. І праўда: пра што ён можа яе запытацца – пра тое, як яна варыць, мяце падлогу? Ад гэтага ў ёй уздымаліся, вярэдзілі ганарлівую душу рэўнасць і злосць: гарадскія, грамацеі абое! Тады мацнела, пякло нездавальненне: трапіла ў шчасце, служка, прыбіральшчыца! У ёй расла непрыхільнасць да абаіх. Уздымалася ў душы дзёрзкасць, што рвалася на свет.
– А вы, якія ў вас планы? – зірнуў нарэшце Башлыкоў на яе.
– Вялікія! У мяне кожны дзень – вялікія планы! – Яна ледзь стрымлівала сябе. – Пойла зрабіць. Карову накарміць. Падаіць. Печ выпаліць. Выпаліць грубкі. Памыць падлогу…
Ён адчуў яе настрой. Зніякавеў крыху, хацеў паправіцца:
– Мне здаецца, вы да большага здатны…
– Мало што можа здавацца! – нелагодна перабіла яна. Цішэй ужо, стараючыся вярнуць спакойную кплівасць сваю, дадала: – Гэта так – з выгляду я такая. Нібы разумная. А папраўдзе…
– Ганна! – знарок весела папракнула Параска, якая дасюль са здзіўленнем углядвалася ў Ганну. Засмяялася знарок: – От выдумала!
– Чаго выдумала! Ці ж не такая я?
– Вы – граматная? – пастараўся прытушыць спрэчку Башлыкоў.
– Дзе там! Навука не па мне. Галава не тая.
– А вы вучыліся?
– А няўжэ ж не?
– Брэша яна, брэша! – абурылася Параска. – Розуму ў яе – на пецярых. Доля ў яе от – няскладная…
– Ах, Параскева Андрэеўна! Ну нашто вы ето! Доля. Ці доля – горб ад Бога? Доля – ад чалавека! Ад розуму!.. – Стрымана, кпліва папракнула: – Нашто хлусіць таварышу сакратару. – Яна раптам ветліва, гасцінна зірнула на госця: – Ешце бабку! Не крыўдуйце!
Башлыкоў больш не распытваў яе. Яна хоць тым была давольна: не хапала, каб ён палез у яе долю, вучыць стаў, што трэба было рабіць, а чаго не трэба! Параска, выхопліваючы момант, калі Башлыкоў не глядзеў, пакручвала нядобра галавой: што ты гэта выдумала? Але яна падавала выгляд, што не разумее Парасчыных знакаў, старалася хаваць неспакой. Зрабіла тое, што трэба было. Дайшло там да іх ці не дайшло, а хоць сябе паставіла як належыць.
Спрэчка