Завеі, снежань. Іван Мележ

Читать онлайн.
Название Завеі, снежань
Автор произведения Іван Мележ
Жанр Литература 20 века
Серия
Издательство Литература 20 века
Год выпуска 1976
isbn 978-985-02-0190-4



Скачать книгу

вам на будучае?.. Першае, – раіў ён па-сяброўску, – не карміць болей гультаёў і трутняў! Карміць толькі тых, хто дае карысць. Па долі той карысці, якую кожны дае. Хто больш – таму больш, хто менш – таму менш. А таму, хто бокі абіваў, – дулю!.. – Неспакойны гул ухваліў яго. – Трэба паставіць добры ўлік. Усё лічыць: працу, прыбытак, палучку. Кожную капейку, кожны грам – на ўлік. Усім, у каго рукі лішне доўгія, – па руках… Адным словам – кантроль ва ўсім. Строгі кантроль. Калі не ўстановіце кантроль – усё прападзе. Ніякага дабра не хопіць!..

      «От хітры, – падумала Ганна. – Гаворыць так, нібы яны яшчэ ў калгасе! Па-калгаснаму настрайвае!..» Заўважыла: прамова Апейкі растрывожыла людзей, ішоў гоман, чуліся воклічы, але воклічы былі нейкія дзелавітыя: папракалі – кармілі трутняў, разбазарвалі дабро!..

      – Хто рабіў, хто не рабіў – усё адно! Кожнаму палачка!

      – Хто ўрваў, той і спажыў!..

      – Якая тут ахвота – старацца! Карак гнуць!..

      – Усё ветрам пайшло!..

      Калі Барыс устаў, гоман, воклічы пачалі хутка спадаць. Ён дачакаўся поўнай цішыні, важна, як асаблівую падзею, аб'явіў:

      – А зараз выступіць сакратар райкома таварыш Башлыкоў!

      5

      Вочы ўсіх – мноства вачэй – глядзелі толькі на яго. Перасталі дыміць у калідоры, падступілі да дзвярэй. Сціснуліся так, што нельга было варухнуцца. Ганне сцінала дыханне.

      Бачачы, як глядзяць на яго, як чакаюць, што ён скажа, разумеючы, як цяжка будзе яму разбіць насцярожанасць, Ганна раптам пачала хвалявацца за яго. Яе не супакойвала тое, што ён, адзначыла сабе, трымаўся спакойна, упэўнена.

      І тон, і выгляд яго паказвалі, што тое, аб чым ён павінен будзе сказаць, вельмі сур'ёзнае і нядобрае і паставіцца да ўсяго гэтага трэба належна сурова.

      Ён пачаў з міжнароднага становішча. Галоўная асаблівасць міжнароднага становішча СССР, сказаў ён, у тым, што Савецкі Саюз – адзіная рабоча-сялянская дзяржава – з усіх бакоў акружаны капіталістычнымі дзяржавамі, якія вядуць раз'юшаную барацьбу з намі. З той жа строгасцю на твары, з жорсткімі складкамі каля рота Башлыкоў стаў гнеўна расказваць пра разнастайныя злосныя ўчынкі і шкодніцтвы, якія арганізоўваюць капіталістычныя дзяржавы і іх паслугачы для таго, каб сарваць будаўніцтва сацыялізма ў СССР і, нарэшце, знішчыць Савецкі Саюз. Адабраць заводы ад рабочых, ад сялян – зямлю. У сваёй звярынай нянавісці да Савецкага Саюза, бачачы, што Савецкі Саюз не толькі не гіне, а ўсё ўзмацняецца, яны ўпарта выношваюць планы крывавай вайны супраць нас. І тон, якім усё гаварылася, і тое, што малявалася за словамі, асабліва пагрознае – адбяруць зямлю, пойдуць вайной, прынясуць знішчэнне, смерць, – гэта моцна падзейнічала на ўсіх, хто слухаў. Цішыня была важкая, трывожная.

      Вайна ў любы момант, паказваў Башлыкоў, гатова ўварвацца ў нашы гарады і сёлы. У нашы хаты. Паліць наша дабро, прымусіць туляцца па лясах нашых дзяцей, нашы сем'і. Вайна ўвесь час стаіць каля граніцы Савецкага Саюза. Вораг гатоў выкарыстаць любую нашу