Название | Завеі, снежань |
---|---|
Автор произведения | Іван Мележ |
Жанр | Литература 20 века |
Серия | |
Издательство | Литература 20 века |
Год выпуска | 1976 |
isbn | 978-985-02-0190-4 |
Сіла яго слоў, чула Ганна, была не так у саміх словах, як у тым, што было за гэтымі словамі, у тым пачуцці, з якім яны былі зліты. За ўсім адчувалася шчырая, непахісная пераконанасць, адданасць, якая прымушала прыціхаць недавер'е многіх, а Ганну проста звала, захапляла. Такога гарачага пераканання яна яшчэ не адчувала ні ў кога. Ад гэтага да ўсяго прымешваўся непатрэбны раўнівы сум…
– Па ўсёй краіне, – загаварыў ён раўней, але ўсё з той жа пераконанасцю, – нечуванымі тэмпамі разгортваецца масавая калектывізацыя… Па ўсяму Савецкаму Саюзу ёсць ужо не толькі такія раёны, дзе калектывізавана больш за пяцьдзесят працэнтаў, але ёсць і раёны суцэльнай калектывізацыі!.. Такія раёны ёсць у Паволжы, на Кубані, на Украіне, у важнейшых зернавых раёнах СССР. Ёсць такія раёны і ў нас, у Беларусі. Напрыклад, Клімавіцкі раён… Ідзе справа да суцэльнай калектывізацыі і ў нас. Мы паставілі пытанне аб тым, – голас Башлыкова зноў набыў асаблівую значнасць, – каб і наш, Юравіцкі раён, уключылі ў вышэйшую групу па калектывізацыі, і ў ЦК падтрымалі нас. Мы ўзялі ўдарную, бальшавіцкую задачу: да вясны наступнага, 1930 года калектывізаваць раён на ўсе сто працэнтаў!.. Мы паставілі гэту задачу, – загаварыў Башлыкоў моцна, нібы вылучыў, – і мы яе выканаем! Нягледзячы ні на што!
У пакоях, у калідоры была цішыня. Быў момант – здалося, усіх апанавала здранцвенне. Перасталі раптам дыміць цыгаркамі, сапці побач. З павагай і раўніва Ганна адчула: гэты зробіць! Што захоча – зробіць! От сіла!..
– У гэтым святле ўсім павінна быць ясна, – голас яго пацішэў, стаў дзелавіта стрыманым, – якое значэнне надае райком таму, што адбылося ў вашым калгасе. Гэта ўдар па ўсяму раёну. Таварыш Дубадзел правільна сказаў… Таму мы павінны прынцыпова ўскрыць прычыны, якія давялі да ўсяго гэтага. Тут таварышы, якія выступалі, называлі розныя прычыны, каб вытлумачыць тое, што здарылася. Чаму разваліўся калгас… Яны назвалі многа прычын, – у голасе Башлыкова пачулася стрыманая насмешка. – Але не назвалі галоўнай… Галоўная прычына – не будзем заплюшчваць вочы, назавём рэчы сваімі імёнамі! – сур'ёзная, палітычная. Калгас распаўся, – загаварыў Башлыкоў, вылучаючы кожнае слова, – у выніку варожай дзейнасці! Калгас падарвалі – яўнымі і скрытымі метадамі – кулацкія элементы!.. Таму тое, што адбылося тут, райком