Название | Завеі, снежань |
---|---|
Автор произведения | Іван Мележ |
Жанр | Литература 20 века |
Серия | |
Издательство | Литература 20 века |
Год выпуска | 1976 |
isbn | 978-985-02-0190-4 |
– Думай не думай, адна трасца! – перабіў яе нечы безнадзейны басок: відаць, Гечыхі.
– Паламалася ўсё! Сам чорт не разбярэ!..
– Няма чаго папраўляць!..
– Не збівай хоць ты, Параска!
– Я хіба кажу, што гэта лёгка… Баліць, кажу, і мне… Трудна гэта… Я кажу, што не трэба гарачыцца… Падумаць цвяроза трэба…
Яна гаварыла і цяпер са шчырасцю і спагадай, з вопытнай дасведчанасцю, але яе ўжо, як і Міканора, не раз перабівалі, слухалі нязгодна. Спрачаліся, праўда, мякка – стрымлівалі, відаць, даўняя пашана да Параскі і яе спачувальная далікатнасць. Усё ж яна, хоць і хавала гэта, было відаць Ганне, трымалася няўпэўнена, бянтэжылася. Збівалася ў гаворцы, нялёгка знаходзіла доказы. Яна, заўсёды такая знаходлівая, хуткая…
4
Апейку сустрэлі насцярожанай увагай. Ён жа падняўся ленавата, з нейкай нядбайнасцю хіліў галаву. Ва ўсёй постаці была дзіўная расслабленасць.
– Была ў нас калісьці гісторыя… – мірна, паблажліва загаварыў ён. Загаварыў так, быццам вагаўся: гаварыць ці не гаварыць. – Я быў тады смаркачом. Чужыя агароды правяраў… Пажаніліся ў нас хлопец з дзеўкай. Ён быў наш, праз дзве хаты жыў, Іван, канешне, зваўся. А дзеўка з-за ракі, з Барбарова. Алена… – Ён пальцам будзённа пачасаў макаўку. Успомнілася – от і гаворыць. Вочы глядзелі на яго збольшага спакайней. Дзе-нідзе – з цікаўнасцю. – Дзеўка – як дзеўка. І хлопец – як хлопец… Але от пабраліся, аддзялілі іх. Хатку сваяцтва скляпала. Сталі жыць сабе. Самі па сабе… Не ўломкі, старацельны хлопец ён. І яна – як тая мурашка. З рання да вечара – у полі, у хляве. Шчыруюць абое… Не ўломкі… А от што выйшла… Пасеялі. Нізінка ў іх была. Дак вясной усё вымакла. Сена накасілі. Дождж. Пагніло… Зімой у нас каля ракі – ночы вялікія. І лучыны мало. Дак – дзело маладое – летам яна ўжо раджаць гатова. А часу няма. Усё – на бягу. На бягу, у разоры, і радзіла!.. Мёртвае!.. Як наканаваў хто – то адно, то другое. Як напасць якая! Не там – дык тут!.. Праўда, калі разабрацца, дык і самі там-тут вінаватыя. Маладыя, нявопытныя… Яно, можа б, і нічога ўсё – мала ў каго не бывае! Толькі ж яны да ўсяго папаліся і гарачыя. Як от некаторыя ў нас, у Глінішчах! – падчапіў раптам Апейка. Барыс засмяяўся. Засмяялася яшчэ некалькі з тых, што глядзелі насустрач. – Яна – што не так – на яго, ён – на яе. Такая-сякая! А часам і з кулакамі!.. Яна вартая была яго. Ён ёй слова, яна – два! Век на іх двары гвалт! Як на юравіцкім базары ў нядзелю! – Зноў пайшоў смяшок. Апейка ж будзённа павёў далей: – Чубіліся, чубіліся. Не вытрывала яна. Уцякла! Чалавек яе спачатку: ну, няхай! Можа, і на лепшае! А потым – жаль узяў. Ды і гонар мужчынскі, мабыць, загаварыў!.. Адно – калі ты кідаеш, а калі цябе – ето саўсім другое!
– Аге! – чула адгукнулася некалькі галасоў. Найбольш – жанкі.
– Зашчымела ў Іванавым сэрцы! – паспачуваў Апейка. – А тут – матка і бацько з угаворамі. «Дзе ето відано такое! Пазаві!..» Угаварылі. Селі на паром – і цераз раку. Што там было – не чуў. Не скажу. А