Крыві не павідна быць відна (зборнік). Наталка Бабіна

Читать онлайн.
Название Крыві не павідна быць відна (зборнік)
Автор произведения Наталка Бабіна
Жанр Современная зарубежная литература
Серия
Издательство Современная зарубежная литература
Год выпуска 2007
isbn 978-985-7165-77-3



Скачать книгу

А то вы будзеце мець – пагадзіцеся – вельмі добрую працу, а дзе ж мой інтарэс? Тысяча.

      – Дзевяць з паловай.

      – Гэта несур’ёзна!

      Сур’ёзна аказалася – пяць тысяч. Мы ўдарылі па руках і падпісалі дамову.

      Мая няўрымслівая дырэктарка даведалася, што такая работа ў Маскве будзе каштаваць дзесяць-пятнаццаць тысяч, але пагадзілася, што і пяць – больш чым добра. Ого, пяць кавалкаў зялёных! З такімі грашыма мне ня страшная ні зіма, ні выпускны баль у наступным годзе, і нават фары маленькага «Форду» заблішчэлі недзе ў тумане будучыні…

      Дырэктарка, сапраўды, пазычыла мне грошы, і я прывезла ад пана Караля з-пад Беластоку купу мяккіх пераліўчатых скурачак. Ацаніць іх і зьняць мерку да мяне прыехала з Масквы мымра, для якой шылася футра. Яна адразу аддала мне тое, што я патраціла ў Польшчы, і я разьлічылася з дырэктаркай.

      Шыла я толькі рукамі. Сотні тысяч раўнюткіх шыўкоў, напарстак прырос да сярэдняга пальца… Мымра прыяжджала колькі разоў, цьвіла і пахла з кожным разам усё мацней. У апошні свой візыт яна прынесла мне неабмерную каробку цукерак, сказала, што я цуд, што грошы я ў любы час магу забраць у прадстаўніцтве фірмы мужа ў Менску, расцалавала мяне, упакавала футра і зьнікла. Назаўтра – то бок сёньня – я прыехала ў Менск.

      Плятынавая дамачка ў прадстаўніцтве выклала перад мной дзьвесьце баксаў.

      – А рэшта?

      – Якая рэшта?

      – Яшчэ чатыры тысячы васемсот.

      Яна працягнула слухаўку радыётэлефону. Іван Іванавіч са мной не цырымоніўся. Ад крыўды, ад хваляваньня, ад яго агідных словаў кроў спачатку прыліпа да шчокаў, а потым затахкала ў скронях… Вось так, абражаная, амаль непрытомная, без жаданьня жыць далей я і апынулася на лаўцы ў сквэрыку. Так, у мяне трое дзяцей, якіх трэба падняць, але ж, бачыць Бог, ёсьць мяжа і маім сілам…

      – Ясна, – кіўнуў бомж. – Грошы, грошы, грошы. Грошы ёсьць дакументам, які сведчыць, што твая праца запатрабаваная ня толькі чалавекам, які табе плаціць, але і ўсімі тымі людзьмі, празь якіх грошы прайшлі раней. Бачу толькі адзін шлях: трэба ехаць у Маскву. Вярнуць табе твае дакументы.

      Галава мая зноў, як карусель у парку, паціху пайшла кругам. Вось так, згопалу, у Маскву? Зь невядомым чалавекам? І як жа ж мы здабудзем тыя грошы? Адрас у мяне ёсьць, але што з таго? А ў торбачцы ж у мяне дзьвесьце даляраў, я даўно не трымала ў руках такіх грошай, а ну як падмане і абярэ? А зь іншага боку, што мне губляць? Дзьвесьце даляраў зь нявыкруткі мяне ня выведуць… Дзеці цяпер у бэпээсэмаўскім лягеры (начальнікам там адзін актывіст БНФ, дапамог уладкаваць, каб трохі ад’еліся), а мужу да лямпачкі, хоць бы я і на месяц адляцела, а ня толькі ў Маскву.

      – А чым ён займаецца, гэты твой Іван Іванавіч?

      – Кніжкі выдае. А цябе як зваць?

      – Мяне зваць перарваць, хвамілія лопнуць. Фабіян я. Ну, што, рашылася?

      Якія ўсё ж такі прыгожыя ў гэтага абарванца вочы!..

      – То хадзем на вакзал.

      – З вакзалу ў Маскву езьдзіць эліта, багема і бабулі з унучкамі. Сярэдняя ж кляса – ён