Крыві не павідна быць відна (зборнік). Наталка Бабіна

Читать онлайн.
Название Крыві не павідна быць відна (зборнік)
Автор произведения Наталка Бабіна
Жанр Современная зарубежная литература
Серия
Издательство Современная зарубежная литература
Год выпуска 2007
isbn 978-985-7165-77-3



Скачать книгу

ж жаніцца з такой, ад якой потым уцякаць?

      – Пытаньне не да мяне… Колькі сябе помню, кахаў суседзкую дзяўчыну. Яшчэ з тае пары, як разам у пяску сядзелі, потым у школе вучыліся. Вырашылі пажаніцца, як толькі скончым школу. Рыхтаваліся да вясельля. Вечарам вёз я сваю Гэлю ў клюб на танцы на матацыкле. Яна нахінулася, каб паправіць раменьчык на басаножку, а я якраз павяртаў, і яна далася галавой аб каменны слуп. Бяз шлему ехала… Ты мо й чула пра гэты выпадак. У нас у Радашкавічах тады толькі і мовы пра тое было. А мяне ад сьмерці выратавала турма. Мяне ж пасадзілі. Каб застаўся дома, то зрабіў бы сабе нешта, бо перад вачыма ўсё стаяла відовішча: яе расколатая галава і паўшар’і мазгоў… А ў турме памерці не дадуць, – ён міжволі крануў шнар на твары. – Так што на пахаваньні мяне не было, ляжаў у турэмным шпіталі. Словам, яна памерла, а я – не. З дому зьехаў, працаваў у Менску на будоўлі, потым у інстытут паступіў. А з Гэляй адзін час нават размаўляў, яна прыходзіла, голас яе чуў. Потым мінулася… А як інстытут скончыў, пайшоў працаваць, маці пачала чапляцца – жаніся ды жаніся, я хутка памру, а ты адзін прападзеш, як муха. Эма была вельмі непадобная да Гэлі, непрыгожая, нягеглая, старалася ўдаваць зь сябе дзелавую, а ў твары, у вачах штосьці такое няшчаснае. Але пасьля шлюбу яна перамянілася. У сілу ўвайшла. Закруціла ўсё пасвойму: тры гады, што мы пражылі разам, былі трыма гадамі грошай. Грошы, грошы, грошы. Кожная капейчына на ўліку, кожная павінна прыносіць прыбытак, і ня дай Бог купіць, прыкладам, газету – бо гэта ж немаведама якая трата…

      – А дзеці ў цябе ёсьць?

      – Дзяцей яна не хацела, казала, што няма чаго пладзіць жабракоў. Карацей, я зьбег. І я вельмі Эме ўдзячны.

      – Удзячны?

      – Каб не яна, я ня стаў бы бадзягам. Многага тады не адбылося б. Прыкладам, я не дапамог бы табе вярнуць твае тысячы.

      – Дык ты пакуль і не дапамог. Не кажы «гоп». Я наагул не ўяўляю, як гэта можна зрабіць.

      – Я табе зараз нешта пакажу, толькі ты не палохайся і не крычы.

      Зь нетраў заплечніка Фабіян, пакорпаўшыся, дастаў агромністы чорны пісталет.

      – Ты не баісься цягаць з сабой зброю? – зьдзівілася я. – А міліцыя?

      – А што міліцыя? Думаеш, яны кожнага стрэчнага-папярэчнага грабуць? Атнюць, як кажуць у Маскве. Дый наагул, гэта не пісталет, а муляж. А вось гэта не муляж.

      Фабіян дастаў з заплечніка вялікую, шчыльна сплеценую з дроту скрынку, адкінуў накрыўку. Я закрычала і адскочыла. Тоўстая, з мэтар дваццаць даўжынёй зьмяюка, якую ён моцна ўхапіў ля галавы, зьвівалася кольцамі, сычэла і застрашальна расчыняла зубатую пашчу.

      – Асьпідус аўрэльянус, рэкамэндую. Нават не драпежны. Усяедны.

      – Але чалавечынай ты яго ня корміш? – спытала я, адшукаўшы голас.

      Фабіян задаволена засьмяяўся. Машына сьцішыла хаду і стала.

      – Дзяўчынкі налева, хлопчыкі направа. Стаянка сем хвілінаў, – паведаміў кіроўца.

      Фабіян пусьціў зьмяюку назад у клетку. Вечарэла. Наперадзе віднеліся дамы нейкага места. Спускаючыся ў кювет, я падумала: яшчэ ня позна ўцячы.