Ліст, знойдзены на папялішчы (зборнік). Макс Шчур

Читать онлайн.
Название Ліст, знойдзены на папялішчы (зборнік)
Автор произведения Макс Шчур
Жанр Современная зарубежная литература
Серия
Издательство Современная зарубежная литература
Год выпуска 2003
isbn 978-83-927771-1-3



Скачать книгу

канцоў і атрымалася… У пэўным сэнсе, сьмерць Галавача была ў значнай ступені самагубствам: ён сам адамкнуў дзьверы свайму забойцу. Відаць, ня мог дачакацца прыходу Мялешкі: так яму карцела паставіць яго на месца й запатрабаваць вяртаньня пазычаных грошай… А можа, ён хацеў зрабіць нашаму сябру вымову: маўляў, няма чаго цягаць з сабой на банкеты невядома каго, хто ня толькі яго аб'ядае, але яшчэ й ня ўмее паводзіць сябе перад гасьцямі – ня ведаю… Як бы там ні было, замест Мялешкі ён убачыў у дзьвярах вас. He выключаю, што Галавач мог памерці ад нечаканасьці й жаху яшчэ да таго, як вашая куля трапіла яму ў галаву – даруйце за міжвольны калямбур…

      Бяляцкі зрабіў паўзу, зацягваючыся цыгарэтай. Паскевіч слухаў яго па-дзіцячы ўважліва, нібы той распавядаў яму казку.

      – Унізе ўсе таньчылі польку, і стрэлу ніхто не пачуў – апроч Мялешкі, што акурат падымаўся па лесьвіцы, і спадарычны Шашалевіч: тая сьцяліла гаспадару ложак на другім канцы калідору, у левым крыле, і выйшла паглядзець, што адбываецца. У кабінэце яна ўжо засьпела нашага хутканогага атлета Мялешку, усяго запэцканага крывёй – небарака кленчыў на каберцы, спрабуючы дапамагчы ахвяры, сам-насам зь нябожчыкам і кінутым вамі рэвальвэрам. Калі быць дакладным – не рэвальвэрам, а «Вальтэрам», прывезеным вамі з Эўропы. Гэтае відовішча страшэнна напалохала дзяўчыну, і яна стрымгалоў кінулася ў залю, каб абвясьціць усім, што Мялешка забіў Галавача. У тым, што ён быў да гэтага здольны, у яе не было ніякіх сумневаў: пасьля таго, як ён абышоўся зь ёю зусім не па-джэнтльмэнску, ён ператварыўся ў ейных вачох у найгоршага мярзотніка ў сьвеце.

      – Гэта ўсё можа й так, што я ведаю… – Паскевіч хаця і ўсьміхаўся, але паступова яму рабілася не да сьмеху. – Толькі дзе, па-вашаму, увесь гэты час быў я?

      – У кабінэце. Дзе ж вы маглі яшчэ быць? Ня думаю, што вы віселі на люстры пад стольлю – хутчэй за ўсё, вы схаваліся за фіранкай. Стоячы там, вы адчулі, што драўляная перагародка ў вас за сьпінаю паддаецца, а калі Мялешка выбег з кабінэту ўвасьлед за пакаёўкай, вы выйшлі тымі самымі дзьвярыма, празь якія ў пакой трапіў Галавач і пра існаваньне якіх Мялешка не падазраваў, іначай ён, пры ўсіх ягоных разумовых здольнасьцях, здагадаўся б туды зазірнуць…

      – Ну ў вас і фантазія, Бяляцкі… – роспачна заўважыў Паскевіч. – Ды не было мяне там…

      – Гэта вы сваёй бабулі расказвайце. Па лесьвіцы ў сьцяне вы спусьціліся на першы паверх і цераз кухню, дзе на той момант ужо нікога не было, спакойна выйшлі на двор, дзе, як вы кажаце, і «прабляваліся». Мясьціны былі вам цалкам незнаёмыя, і вы кінуліся бегчы абы куды, за вачыма, а неўзабаве апынуліся каля гэтага вось гатэлю. На наступны дзень вы не хацелі вяртацца да Мялешкі, бо баяліся трапіць пад увагу паліцыі, а замест гэтага вырашылі наведаць мяне, каб спраўдзіць, ці не пачалі вас шукаць.

      – А ўласна… дзе ў той вечар былі вы? – не прыдумаў лепшага пытаньня Паскевіч.

      – Я? – зьдзівіўся Бяляцкі. – Дома. Я на такія вечарыны не хаджу…

      – Тады не разумею, адкуль вы ўсё гэта