Ліст, знойдзены на папялішчы (зборнік). Макс Шчур

Читать онлайн.
Название Ліст, знойдзены на папялішчы (зборнік)
Автор произведения Макс Шчур
Жанр Современная зарубежная литература
Серия
Издательство Современная зарубежная литература
Год выпуска 2003
isbn 978-83-927771-1-3



Скачать книгу

танна аказалася. Дый я быў вельмі стомлены, ведаеце… Усё адно б я не знайшоў адтуль дарогі да Мялешкі…

      – Ага. Ну, добра. У кожным выпадку, вам варта зьявіцца ў паліцыі. Іначай нашаму сябру прыйдзецца горш, чым учора вам. Разумееце? Абавязкова туды схадзіце.

      Паскевіч завагаўся, перамінаючыся з нагі на нагу.

      – А што, калі мяне западозраць? – няўпэўнена спытаўся ён. – Дый як я ім усё патлумачу? Я ж ня ўмею па-тутэйшаму… Мяне лягчэй за ўсіх крайнім зрабіць…

      Бяляцкі зірнуў на яго ўважліва, потым прамовіў.

      – Што ж, на жаль, я з вамі сёньня пайсьці не змагу, – уздыхнуў ён, і дадаў напаўголасу: – Мушу заехаць у шпіталь, з Шашалевічаўнай паразмаўляць. Нешта тут ня тое.

      7

      На наступны дзень а пятай гадзіне дня ў дзьверы нумару 112 у гатэлі «Марцін Ф'еро» пагрукалі. Голас Паскевіча азваўся, нібы скрозь сон:

      – Хто там?

      – Бяляцкі. Адчыніце, Паскевіч. Мне трэба з вамі паразмаўляць.

      – Як вы мяне знайшлі? – зьдзіўлена спытаўся Паскевіч, зачыняючы за ім дзьверы.

      – Проста. Ведаеце, у Бўэнас-Айрэсе шмат танных гатэляў, але не ў Палермо. Ну, як маецеся?

      – Як бачыце, – паціснуў плячыма Паскевіч.

      – П'яце?

      – А што? – азваўся Паскевіч амаль злосна.

      – Нічога. Добра, што ёсьць за што піць. Толькі вы гэта лепей кіньце.

      – Ат… Дык што там чуваць? – Паскевіч наліў сабе поўную шклянку хінэбры, нібы не пачуўшы парады Бяляцкага. – Бачылі Мялешку?

      – Бачыў. Ён у астрозе. У камэры папярэдняга затрыманьня. Дурань – яшчэ й чыніў супраціў паліцыі, панабіваў ім гузакоў… Пры гэтым – сам яе выклікаў… Сьмех і грэх. Але яго ўжо ня выпусьцяць, мне здаецца. Усе факты супраць яго. Плюс грамадзкае меркаваньне. Таму я й лічу, што вам варта абавязкова схадзіць у паліцыю, дружа.

      – I што я ім скажу?

      – Думайце самі. Можаце прызнацца, што забілі Галавача.

      Паскевіч вылупіў на Бяляцкага вочы:

      – Што вы верзяце? Вы з глузду зьехалі?

      – He хвалюйцеся, я жартую, – пасьміхнуўся той. – Нікуды ісьці ня трэба, яны самі па вас прыйдуць, так ці іначай. Усё-ткі вас бачыла на той вечарыне даволі шмат народу, некаторыя ведаюць вас з карабля – калі б не агульнае перакананьне, што ўва ўсім вінаваты Мялешка, рана ці позна нехта мог бы прыгадаць, што вы раптоўна некуды выпарыліся. Мяркую, у гатэлі таксама ўжо зьвярнулі ўвагу на ваш позьні прыход. Таму вам трэба не сядзець тут, а тэрмінова зьяжджаць. Для пачатку, у Монтэвідэа. Туды ўсе ўцякаюць, як што якое. Іначай вас, хутчэй за ўсё, абвінавацяць ня толькі ў забойстве, а яшчэ і ў шпіянажы. А калі вас асудзяць як бальшавіцкага агента, то ў найлепшым выпадку з астрогу вы ніколі ня выйдзеце.

      – Але Шашалевічаўна…

      – Шашалевічаўна – колішняя Мялешкава нарачоная. Згода, абыйшоўся ён зь ёю не найлепшым чынам, але гэта не падстава, каб падводзіць яго пад шыбеніцу… Зрэшты, я думаю, што здолеў яе ў гэтым пераканаць. Цяпер на чарзе вы. Паслухайце: я абсалютна ўпэўнены, што гэта вы забілі Галавача.