Ліст, знойдзены на папялішчы (зборнік). Макс Шчур

Читать онлайн.
Название Ліст, знойдзены на папялішчы (зборнік)
Автор произведения Макс Шчур
Жанр Современная зарубежная литература
Серия
Издательство Современная зарубежная литература
Год выпуска 2003
isbn 978-83-927771-1-3



Скачать книгу

павінны былі адбыцца танцы. Госьці ў сваёй бальшыні, зразумела ж, не маглі не паслухацца ягонага ветлівага загаду. Руска-ўкраінскі белагвардзейскі аркестар зайграў танга. Як і чакалася, амаль ніхто з новых эмігрантаў ня ўмеў яго танчыць, таму Мялешка ўжо зьбіраўся паказаць ім прыклад і запрасіць якую з пакаёвак, аднак, заўважыўшы адсутнасьць Галавача, згадаў пра ягоную просьбу зайсьці да яго ў кабінэт. «Ат, трасца… Ну, не бяды», сказаў ён сабе. «Усяго адзін танец – перажыве…»

      Аднак іншых жадаючых ушанаваць аргентынскую нацыянальную музыку адпаведнай харэаграфіяй не зьявілася, таму адразу ж пасьля першага прыпеву ірваны рытм танга прыпыніўся і загучала полька. Што тут пачалося! Нават старэйшыя з гасьцей, што папярэдне ставіліся да танцаў на ўстаноўчым сходзе скептычна, пусьціліся ў скокі. Паны танцавалі са сваймі панямі, новапрыбылыя эмігранты з пакаёўкамі… Прыглушаны шум гулянкі даносіўся і да паўнепрытомнага гурмана Паскевіча: аднаму яму, ды яшчэ Мялешку «на каберцы» ў Галавача, было не да танцаў. Калі полька скончылася, усе пачалі гучна аддыхвацца й адфуквацца зь нязвыкласьці – танчыць у гэтым кліматычным поясе ім яшчэ не даводзілася.

      Быў абвешчаны перапынак. Пакуль аркестар прымаў замовы, набіраўся натхненьня з высокіх фужэраў і думаў, што зайграць далей, на сярэдзіну салёну выбегла адна з пакаёвак і пракрычала нешта няўцямнае, на першы послых падобнае да:

      – Галавач! Мялешка застрэліў Галавача!

      Госьці прыціхлі й пачалі пераглядвацца, ня ведаючы, ці то лічыць гэта дурным жартам, ці то слыхавой галюцынацыяй. I тут на лесьвіцы зьявіўся Мялешка: ягоны белы гарнітур быў увесь у крыві, акурат паводле строгіх патрабаваньняў нацыянальнай геральдыкі. Убачыўшы яго, пакаёўка голасна заякатала, кінулася ўніз па прыступках, падвярнула нагу, упала й страціла прытомнасьць.

      – Грайце, грайце! – махнуў Мялешка рукою, падаючы знак аркестру. – Я выклічу паліцыю!

      Ніхто не наважыўся яму пярэчыць.

      6

      – Чулі, што здарылася? – запытаўся на наступны дзень Бяляцкі ў Паскевіча, калі той зусім нечакана зайшоў наведаць яго на вуліцу Ляпрыда. – Нашага сябра Мялешку абвінавачваюць у забойстве.

      – Жартуеце? – не паверыў Паскевіч.

      – Дзе там! – Бяляцкі разгарнуў артыкул у «Ля Насьён» і паказаў Паскевічу. Той вылупіў вочы, як баран на новыя вароты: Бяляцкі ўзгадаў, што зямляк яшчэ не разумее па-гішпанску. – Будзеце матэ?

      – Не, я лепей гарбаты…

      Начапіўшы на нос акуляры, Бяляцкі пачаў перакладаць Паскевічу артыкул сваім няўзрушаным і невыразным голасам:

      – «Правадыр аргентынскіх беларусаў забіты. 16-га кастрычніка 1946-га году, Бўэнас-Айрэс. Учора ўвечары на віле «Эстрэлья» ў квартале Палермо, вуліца Дарэго, 145, падчас урачыстага паседжаньня беларускага Зьвязу патрыётаў, на якім прысутнічаў, сярод іншых, прадстаўнік ураду Аргентынскай рэспублікі сэнёр Дамінго Фэрара, здарылася няшчасьце: быў застрэлены старшыня Зьвязу, сэнёр Басільё Галавач. Галоўным падазроным зьяўляецца знаёмец сэнёра Галавача, баксэр