Название | Праклятыя госці сталіцы |
---|---|
Автор произведения | Альгерд Бахарэвiч |
Жанр | Современная зарубежная литература |
Серия | |
Издательство | Современная зарубежная литература |
Год выпуска | 2008 |
isbn | 978-985-6808-68-2 |
26
Яна ўладкавалася за сталом, пад раскідзістымі вушамі мудрага кактуса, які сталеў на прываконьні, пашалясьцела крыху па звычцы паперамі; сядзела на самым ускрайку крэсла, бо ўжо даўно, з пачатку вясны, Мая Леанідаўна перастала прысланяцца да сьпінкі, па-гаспадарску адкідвацца ў ім і са зморанай упэўненасьцю класьці рукі на падлакотнікі, яе падсьвядомасьць на дзіва хутка зьмірылася з тым, што кінатэатр давядзецца аддаць. Натуральна, такая-сякая барацьба была: дырэктарка ўзяла з шуфляды пазатыднёвы нумар апазыцыйнай газэты, на апошняй паласе якой капціўся гнеўны загаловак “Кінатэатр імя Жданава: пахаваньне зажыва” – зварот да гарадзкіх уладаў падпісалі практычна ўсе, хто летась выступаў ва ўстанове на вуліцы Ўзорнай, і што? – у глыбіні душы кожны зь іх ведаў, што змаганьне скончыцца паразаю. Цяпер памяшканьні ўжо чакалі арандатараў – для “Кінавідэапракату” гэта была цудоўная магчымасьць зарабіць грошай. Мая Леанідаўна паднялася, падыйшла да вакна. Дзьве мамашы ля суседняга пад’езда прасавалі заліты трохкутным ценем асфальт аднолькавымі каляскамі й палілі адна адной у твар; трохі воддаль старэйшыя дзеці распачыналі гульню ў хованкі: пахілы няўклюда закрываў далонямі вочы, а ад яго гаманлівымі коламі разьбягалася зграйка дзяўчынак. “Толькі не падглядвай!” – звонка закрычала адна, нахабна кіруючыся ў той самы пад’езд, дзе месьціўся кабінэт. “Нават дзеці ўжо ведаюць”, – падумала Мая Леанідаўна – зрэшты, нязлосна. Яна адчыніла фортку, і тут у дзьверы пагрукалі.
– Калі ласка, – прамовіла Мая Леанідаўна, як заўсёды, на бумскай мове.
У кабінэт увайшоў малады яшчэ чалавек у шыкоўным касьцюме, усклычаны, відаць, па апошняй модзе, зь нейкімі невідушчымі вачыма й воранам на плячы. За сьпінай у наведніка сьціпла хаваўся нехта невысокі, маршчыністы й нязграбны. Мая Леанідаўна зьдзіўлена хітнула галавой у бок крэслаў, аднак незвычайнная пара засталася стаяць.
– Добры дзень, – павітаўся ўсклычаны, увесь час гледзячы кудысьці міма дырэктаркі, як сьляпы. – О, забытая мова дзядоў! Мілагучная і велічная, нібы сама гісторыя! Прабачце, што мы без папярэдняга тэлефанаваньня…
Незнаёмы пачаў доўга й прыгожа перапрашацца за візыт, асобна папрасіў дараваць яму за ворана, якога, як высьветлілася, завуць Нэвэрмор – “Ён зусім ручны, вось засуньце палец яму ў дзюбу!”, а той, другі, маршчыністы, усё ніяк не хацеў паказвацца, топчучыся за шырокай сьпінай усклычанага. Мая Леанідаўна