Название | Праклятыя госці сталіцы |
---|---|
Автор произведения | Альгерд Бахарэвiч |
Жанр | Современная зарубежная литература |
Серия | |
Издательство | Современная зарубежная литература |
Год выпуска | 2008 |
isbn | 978-985-6808-68-2 |
– Запальнічкі ня будзе ў вас? – сказаў Даражок ў цёмнае адчыненае вакенца шапіку й сунуў цыгарэту ў рот. Прадавачка яго ведала: не па імені, не, толькі ў твар. Яны пасьміхаліся, бывала, адно адному: навошта? Ён пачакаў, потым дастаў з кішэні дробязь. Словы пра запальнічку прагучалі неяк недарэчна, не пасавалі яны неяк гэтай раніцы. Даражок прыгнуўся й зазірнуў у шапік, гатовы вось-вось апынуцца вочы ў вочы з прадавачкай, якая, мусіць, зараз пад прылаўкам, ды не: нікога там не было, толькі чырванела запальнічка побач з касавым апаратам. Даражок ужо працягнуў руку, але тут за шапікам пачуліся грузныя крокі, ён імгненна вярнуў запальнічку на месца й нават міжволі схаваў рукі за сьпіной. Птахі сьпявалі гучна, нібы недзе ў Неглыбокім. Крокі паўтарыліся. Даражок абыйшоў шапік, ужо апранаючы на твар патрэбны выраз. Але і там нікога не было. Зь вялізнай разламанай картоннай каробкі выскачыў кот і кінуўся ў кустоўе. Даражок вярнуўся, запаліў і пайшоў да мэтро пехатою.
“Усё зразумела”, – падумаў ён, падыходзячы. “Усё, усё зразумеленька. Людзі-коткі. Галівуд. Мне, як заўжды, не пашанцавала”. Аднак катоў ён болей не спаткаў. Мэтро было прахалодным, Даражок атрымаў па левым калене, калі паспрабаваў прайсьці бясплатна – ён абыйшоў турнікеты бясьпечным шляхам і прысеў на лаўку у цэнтры плятформы. У яго было такое адчуваньне, што цяпер ноч і ён чакае апошняга цягніка. Аднак была раніца, і калі ён і мог куды-небудзь адсюль зьехаць, то толькі з глузду. Гадзіньнік добрасумленна паказваў час. Калі Даражок хацеў пасьпець на сустрэчу, яму трэба было сьпяшацца.
Ён вярнуўся наверх, прайшоў па Абрыкосавай, зьвярнуў на Вінаградную, пастаяў у ценю на Цяністай. На вуліцах былі прыпаркаваныя машыны, блішчэла шкло, віселі расклады працы крамаў і прадпрыемстваў. Зьнерухомеў тралейбус у тралейбусным парку (мэханік, гад, пераблытаў правады). Застыў з раскрытымі абдымкамі перад школай экскаватар. Імкнуліся ўкусіць сябе за хвост сьцягі на афіцыйных установах. Паўзла кудысьці рака. Абурана азіраліся вакол помнікі. У горадзе гаспадарылі сонер і ветра. Плястмасавыя крэслы стаялі на століках