Название | Успаміны пра семдзесят гадоў (1855–1925) |
---|---|
Автор произведения | Гіпаліт Корвін-Мілеўскі |
Жанр | |
Серия | |
Издательство | |
Год выпуска | 0 |
isbn | 9785006545892 |
З гэтага нарысу майго паходжання, як па адной, так і па другой лініі, чытач можа здагадацца, што я не мог глядзець на гісторыю і людзей ні праз акуляры «рэфарматара чалавецтва», якога распірае жоўць і зайздрасць, ні праз акуляры адмарожанага «зубра», перакананага (а з такім перакананнем вырасла амаль што ўсё маё пакаленне), што яму дастаткова добрых манер і элегантнай знешнасці, а адукацыя патрэбна толькі беднякам ці ідыётам. Мне ад прыроды наканавана было стаць «цэнтрыстам» і быць асуджаным на, як сёння кажуць, буржуазныя погляды.
Раздзел II. Дзіцячыя гады
Звычайна дзіцячая памяць праходзіць праз дзве розныя фазы: вадкую фазу, калі ўражанні ствараюцца і губляюцца амаль імгненна, і фазу зацвярдзення, калі гэтыя ўражанні ўжо ўгравіраваныя ў памяць, нібы на медную пласціну і застаюцца там назаўсёды. Гэтак для мяне раптоўна сталася ў сакавіку 1855 г.
Яшчэ і сёння бачу, як мы, чацвёра дзяцей, гуляем у прасторным пакоі бацькоўскай хаты ў Геранёнах пад наглядам маладой і сур'ёзнай маці. За вокнамі праязджае фурман, і праз некалькі хвілін мой бацька, тады гадоў трыццаці, жвавы і стройны чалавек, улятае ў пакой, скача, як маладое жарабя, размахвае разгорнутай газетай і крычаць: «Вэрцю, Вэрцю, Мікалая д'яблы забралі!» Такая адбылася ў нас «паніхіда» па Яго Імператарскай Вялікасці Мікалаю I Паўлавічу, усерасійскім самадзержцы і польскім каралі. Дзеці атачаюць бацькоў і просяць тлумачэння, а потым у маю выключна польскую і каталіцкую галаву ўваходзіць думка, што акрамя нас, суседзяў, сям'і і службы (хто тады думаў пра «беларускую нацыянальную меншасць») ёсць нядобрыя людзі, якія называюцца рускімі з нейкім паскудным Мікалаем на чале, які нас прыгнятае.
Падзея была настолькі важнай, што некалькі дзён служыла галоўнай тэмай размовы маіх бацькоў за сталом. Вырашылі, што на зіму мы пераедзем у Вільню, тады ўжо свайго роду сталіцу, і таму бацька туды хутка паехаў здымаць прыдатную кватэру.
Увосень мы пераехалі ў Вільню ў дом княгіні Пузыні, а неўзабаве і да нейкага яўрэя. Гэта быў год шляхецкіх выбараў, якія адбываліся кожныя тры гады. На іх выбіраліся губернскія і павятовыя маршалкі, члены суда і школьныя куратары. Гэткую пасаду займаў мой бацька. Па звычаі, багацейшыя памешчыкі частавалі шматлікую шляхту на выключна мужчынскіх вечарах. Звычайна гэта адбывалася ў адным з трох галоўных віленскіх «гатэляў», а дакладней, як тады казалі, заезджых дамах, бо туды прыязджалі з усімі сваімі рэчамі, пасцелямі, самаварамі і г. д.
Я не ведаю, чаму, магчыма, з жадання паказаць, якім прыгожым і хуткаспелым хлопчыкам я тады быў, мой бацька паслаў аднаго са сваіх маладых сяброў па мяне і правёў мяне па некалькіх салонах, дзе праходзіў збор. Гэты першы кантакт з суграмадзянамі зрабіў на мяне вельмі непрыемнае ўражанне, магчыма, таму, што я быў дзіцём з занадта вытанчаным выхаваннем – вярнуўшыся да маці,