Смерць у Венецыі. Томас Ман

Читать онлайн.
Название Смерць у Венецыі
Автор произведения Томас Ман
Жанр Зарубежная классика
Серия Noblesse Oblige
Издательство Зарубежная классика
Год выпуска 1897
isbn 978-985-7165-87-2



Скачать книгу

з раніцы і папаўдні трыццаць-пяцьдзясят разоў паласаваць крокам плошчу, заўсёды адзін і заўсёды з аднолькавым дзіўным выразам твару.

      У той вечар, пра які вядзецца гаворка, адбываўся канцэрт вайсковага аркестра. Я сядзеў за адным са столікаў, якія кавярня "Фларыян" вольна расстаўляе на плошчы, і калі пасля заканчэння канцэрта натоўп, што да гэтага ў густых плынях хвалямі калыхаўся сюды-туды, пачаў рассыпацца, незнаёмец з заўсёднай невытлумачальнай усмешкай заняў месца за суседнім вольным сталом.

      Час праходзіў, вакол рабілася ўсё цішэй, сталы ўжо паўсюдна апусцелі. Цяпер толькі зрэдку міма праходзіў чалавек; велічны спакой усталяваўся над плошчай, неба ўжо было ўсыпана зоркамі, і над маляўніча тэатральным фасадам сабора Святога Марка з’явіўся паўмесяц.

      Я пачаў чытаць газету, адвярнуўшыся ад суседа, і ўжо меркаваў пакінуць яго аднаго, як раптам быў вымушаны павярнуцца напалову ў ягоны бок; дагэтуль я не чуў ад яго ніводнага гуку або руху, а цяпер ён раптам загаварыў.

      "Вы, шаноўны, першы раз у Венецыі?" – спытаў ён на дрэннай французскай мове, і калі я паспрабаваў адказаць яму па-ангельску, ён працягнуў размову на чыстай, без дыялектызмаў, нямецкай мове ціхім і хрыпатым голасам, спрабуючы адкашляцца.

      "Вы ўсё бачыце ўпершыню? Ці задавольвае гэта Вашыя чаканні? Можа, нават пераўзыходзіць іх? Ах! Нічога больш цудоўнага Вы не чакалі? Няўжо праўда? Вы кажаце гэта не толькі, каб падавацца шчаслівым і вартым зайздрасці? Ах!" Ён адкінуўся тулавам назад і пачаў разглядаць мяне, хутка міргаючы, з абсалютна незразумелым выразам твару.

      Паўза, якая настала, цягнулася доўга, і, не ведаючы, як працягваць гэтую дзіўную размову, я зноў быў сабраўся ўстаць, як у той момант ён паспешліва нахіліўся.

      "Вы, шаноўны, ведаеце, што такое расчараванне? – спытаў ён ціха і настойліва, абапіраючыся абедзвюма рукамі на гачку. – Не маленькая няўдача ў дробязі, не памылка, а вялікае ўсёабдымнае расчараванне, якое рыхтуецца табе ўсім-усім жыццём? Натуральна, Вам яно невядома. А я з часоў юнацтва ні на крок не разлучаўся з ім, і яно зрабіла мяне самотным, няшчасным і дзівакаватым, я гэтага не адмаўляю.

      Ды і як Вы, шаноўны, маглі б мяне зразумець? Але, магчыма, Вам гэта ўдасца, калі я папрашу Вас выслухаць мяне на працягу дзвюх хвілін. Бо калі штосьці можа быць выказана, то гэта зазвычай робіцца хутка…

      Дазвольце Вам нагадаць, што я вырас у вельмі маленькім гарадку ў пастарскім доме, дзе ў празмерна ахайных памяшканнях панаваў старасвецка-патэтычны аптымізм вучонасці, у якім ты ўдыхаў своеасаблівую атмасферу прапаведніцкай рыторыкі – гэтых высокіх слоў пра дабро і зло, прыгожае і агіднае, якія я так моцна зненавідзеў, бо, магчыма, яны, толькі яны вінаватыя ў маіх пакутах.

      Жыццё для мяне, несумненна, складалася з высокіх слоў, бо я нічога пра яго не ведаў, акрамя небудзённых і ілюзорных уяўленняў, якія ствараліся ўва мне гэтымі словамі. Я чакаў ад людзей боскай дабрыні і д’ябальшчыны, ад якой валасы ўстаюць дыбарам; я чакаў ад жыцця неверагодна прыгожага і агіднага, і палкае жаданне