Імя грушы. Сяргей Балахонаў

Читать онлайн.
Название Імя грушы
Автор произведения Сяргей Балахонаў
Жанр Современная зарубежная литература
Серия
Издательство Современная зарубежная литература
Год выпуска 2005
isbn 985-6701-87-2



Скачать книгу

з гэнага дзядулечкі. То і пабегла я наўздзіў жвавенька, не забываючыся цвердзіць:

      За ракою сучка брэшыць,

      Мой дзедзька пяхотай чэшыць…

      Хацеў, дык спаймаў. А як жа ж? Ажаніліся. Павел да непрыстойнасці цалаваўся са мною, і я зусім праграчыла, як ля таткі з мамкай апынуўся Славачка. Быў ён абсалютова спакойны. Татка акурат даспяваў:

      Цярэшку бяда стала,

      З кім яго жана спала?

      Я імгненна пачырванела, як бурак. Аляксандраў, калі і прыкмеціў гэта, дык уважыў баржджэй за хвалю майго жадання да яго. Улесціўся, адным словам. Слава ж вагаўся з выбарам, і мамка зарызыкавла звярнуцца да грамады: «А мо’ спытаемо ў дзяўчат?». І вомільгам ля майго каханка апынулася гэтая нахабніца Ірэна Галавацкая з выкшталцоным, што праўда, спевам:

      У калодцы вады чэрпала,

      Упусціла туды зеркала,

      Упусціла скалыхнулася,

      Палюбіла не абмыхнулася…

      Вайніслаў збянтэжыўся з такога павароту, але не адмовіўся ад нявестухны, хаця і меў згодна з умовамі усе правы на падобны крок.

      На небі зорачка ясна,

      У суседа дзевачка красна.

      Божа мой, галоўка баліць,

      Як мне дзеўку тую злавіць…

      Злавіць было вельмі проста, бо спадарыня Ірэна нікуды не ўцякала, а сама павісла дзядулечку на шыю і палезла цалавацца. Я ледзьве адгаварыла сябе ад крыку. «Глядзі, якая цудоўная пáра, – прашаптаў мне ў вушка Павел. – А думалася ж, што яны не трываюць адно аднаго». Што яшчэ яму тамака думалася?

      Свята было ў самым розруху. Дудар наярваў вясёлыя мелодыі. Заставалася перажаніць яшчэ колькі параў, калі на дварэ ўсчаўся шум і нехта загрукаў у дзверы. У хату шчыльна-густа ўвайшлі паліцыянты, а старэйшы ў чыне, назваўшы сябе, запытаў пра спадара Вайніслава Баўта. Славачка адразу ж азваўся. Яго папрасілі апрануцца ды ісці следам за імі. Падначаленыя павялі майго палюбоўніка вонкі. Старэйшы забавіўся, аглядаючы ўбранне хаты. Яго, вераемна, цікавіла наява польскіх сцягоў, гербаў, спяванне польскіх гімнаў. Зразумела, што ні першага, ні другога ён не ўбачыў, а трэцяе на сценах вісець не магло. Выгляд прысутных быў надта стракатым, але нават забароненай польскай вопрпаткі ні ў каго не назіралася.

      – Пра што спяваеце? – спытаў-такі паліцыянт.

      – Пра святое нішто, – насмеліўся спадар Дарэўскі.

      – Як стаіць справа з гэтым Нішто? Ці не ёсць ён уніяцкім святым? Унія, каб вы ведалі, скасаваная, – заплявузгаў жандар, бесцырымонна закурыў і дадаў яшчэ, звяртаючыся да дудара. – Калі вы таго не помніце, то слухайце і запішыце сабе ў альбом – уніі няма. Адлучаныя гвалтам, вярнуліся любоўю.

      З тым злосным гонарам ён пакінуў хату.

      Толькі тады ўсе ў вобміг вока сцямілі, што былі нібыта зачараваныя і ні на каліўца не запярэчылі затрыманню Вайніслава. Спадары Драбышэўскі, Ляхоўскі ды мой дзядулечка, апамятаўшыся, выбеглі на падворак, але нікога не засталі. Сяляне здзіўлена паціскалі плячыма і казалі, што наагул нікога тут не бачылі, а пагатоў паліцэйскіх саняў.