Імя грушы. Сяргей Балахонаў

Читать онлайн.
Название Імя грушы
Автор произведения Сяргей Балахонаў
Жанр Современная зарубежная литература
Серия
Издательство Современная зарубежная литература
Год выпуска 2005
isbn 985-6701-87-2



Скачать книгу

гневу не было межаў. Што яна сабе дазволіла? Абразіла, зняважыла харашэнькага-разумненькага Славачку. Параўнала з якімісьці механізмусамі… Тады ў маіх думках такія словы скакаць сталі, што і прыпомніць сорамна. Ажно не верылася, што я іх трымала ў памяці сваёй. Але навочна я аніяк успратэставаць не магла.

      Пасля ўсяго мой мілы ўзяўся-такі мяне ўшчуваць за празмерную сваволю ў словах пры звароце да Вайніслава. Я адсмейвалася і завірала яму вусны бусямі. Усё ж нам было добра. Але думка пра існаванне зусім блізка такога чалавека як Вайніслаў Боўт пачынала сушыць мяне і шторазу часцей а часцей. Заісце – нявызнаным ёсць тор кахання. І мне давялося баяцца. Баяцца і хавацца ад усяго на свеце, каб змаўчаць наяўнасць тут і цяпер чагосьці іншага, нестасоўнага з агульнымі ўяўленнямі. Было абсалютова неверагодна знаходзіцца ў пачуццёвай кругаверці. Адчуваць агонь жадання да аднаго мужчыны, але часіны бавіць з іншым. Сніць недазволенае цэнзураю і прачынацца з вільготным улоннем. Даруй, о чытачу, гэты міжвольны парнаграфізм! Я пакутвала. Я вельмі пакутвала, бо з Паўлушам у нас вобмаль спрэчак бывала. Мы і пасварыцца па-сапраўднаму не ўмелі. То ж і не зналі слодычы прымірэння. Ці мне яны да спадобы аднолькава двох сталі? Не ведаю. Шалі вагаліся. Толькі пра тое ні Паваел, ні Слава знаць былі не павінны. Але я не магла паручыцца за тое, ці не бачыў хто-колечы маіх уздыханняў.

      Тым часам аб’явіўся труп яшчэ адной дзяўчыны. Казалі, што была то маладзенькая і вельмі пекная габрэйка. Ейнае аголенае растурзанае нелюдзем цела знайшлі недалёк ад упадзення Нямігі ў Свіслач. Згадаўшы праракаванні Вайніслава, я дужа пералякалася з той яскравай чартаўні, якім праменіла чароднае смяртэльнае здарэнне з асобай жаночага полу. Пэўна ніхто з ладнага ліку мяшчан не паспеў звязаць новае жахоцце з папярэднім, бо паліцыя спешліва назвала ахвяру прастытуткай, забітай сваім гаспадаром. Каго б захвалявала смерць прадстаўніцы гарадскога дна?! Спадарыня Шрэйдар, напрыклад, гідзілася гэтай гісторыі і сувора забараніла весці пра тое якія-заўгодна размовы з пансіянаркамі: «Kein word über tej мерзости». Хросная мая толькі ўздыхала і паўтарала: «Куды ж коціцца наша родная Беларусія? Наш мілы Севера-Западны край…». Было не па сабе. Паўлуша, як заўсёды маўчаў. «Ой, гора-бяда. Якая ўжо ж розніца ці блудніца то, ці цнатлівіца? Яе ж так жорстка замардавалі», – у такім сэнсе выказвалася Каміла Свентаржэцкая. Спадар Ляхоўскі наагул выказваў версію, што ніякіх забойстваў не было, а толькі паліцыя мяркуе спаралізаваць менскі люд страхам. Я не была з тым згодная. Вайніслаў жа, які троху спазніўся на чарговы «соймік» «Дасканалага Крывіча», меў поўныя вочы слёз, што мяне адначасова збянтэжыла, спужала і расчуліла. «Гандлярка з Нізкага рынку. Дзяўчо зусім», – прамовіў ён і ніхто не насмеліўся патрабаваць тлумачэнняў. Усё-ткі паліцыя хлусіла. Завінаваціць паліцыянтаў было зусім немагчыма. Такі быў век, час, эпоха, калі хочаце. Мікалай І пайшоў на піва да Абрагама, але шынель ягоны (а зусім не таго змаскаленага хохліка Гогаля) вісеў над імперыяй. Тады гэта ўсведамлялася мала. Я была маладою і дурною. Толькі ў шэсцьдзясят трэцім, калі расейскія салдаты