Недалёкая будучыня. Знайшоўшы на археалагічных раскопках у легендарных Юравічах ідал боства кахання, гомельскі даследчык старажытнасцей Ягор Руткоўскі неўзабаве зведвае і цяжка перажывае невытлумачальны разрыў з каханай. Неўтаймоўная вера ў наканаванасць быць разам з ёю штурхае навукоўца на розныя дзівацтвы – ад літаратурных і музычна-спеўных практыкаванняў да палёту на Марс. Кожнае дзівацтва даецца ў знакі здарэннямі, скандаламі і таямнічымі праявамі ледзь не да скруту галавы. За хісткае марсіянскае шчасце даводзіцца штодзень змагацца, адольваючы шматлікія выпрабаванні без пэўнасці вяртання на Зямлю, дзе лютуе эпідэмія сіндрому татальнай адзіноты.
Назву кнізе даў раман у трох мэмуарах пра таямнічыя менскія падзеі сярэдзіны ХІХ ст., улюбёнца тагачасных дамаў спадара Вайніслава Баўта і яго зьнікненьне. Любоўна-дэтэктыўная гісторыя пададзена ў выглядзе суб'ектыўных успамінаў трох жанчын, і адпаведна ня мае агульнай разьвязкі. Сакавітая мова і постмадэрнісцкія пасткі надаюць твору асаблівую пікантнасьць. Апроч таго ў зборнік увайшло пяць апавяданьняў: «Паляваньне на пачварнага парсюка» (жорсткая пародыя на сярэднявечны рыцарскі раман, насычаная старабеларускай лексікай і зваротамі мова); «Second Security» (гомельскі баявік у інтэр'ерах зьмярканьня Расейскае імпэрыі); «Пятнаццаць лішніх хвілін» (псыхадрама беларуса ў пакутлівасьці выбару на баку якога ворага ваяваць? і ці магчыма кахаць таго, каго кахаць забаронена?); «Ня руш майго страху» (пошукі лепшай долі саладатам НКВД ды іншаплянэтнікам напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны); «Сьмерць лютністы» (карнавалізацыя беларускага калябаранцтва часоў другой сусьветнай вайны; культавы твор аўтара).
Думаеш, ты добра ведаеш беларускую гісторыю? Скажы тады, у якіх стагоддзях птушка фенікс і аднарогі насялялі наш край? Што маляваў Францішак Скарына ў сваім дэмбельскім альбоме? Як адзначалі літвіны-беларусы сваё вяртанне з Месяца? Каля якога беларускага горада адбыліся падзеі, што сталі асновай для сюжэта відэагульні пра Супер-Марыё? Калі не маеш што адказаць на ўсе гэтыя пытанні, дык найлепшым дарадцам для цябе будзе кніга Сяргея Балахонава “Зямля пад крыламі Фенікса. Нарысы з паралельнай гісторыі Беларусі”. Мноства неверагодных фактаў, сенсацыйных адкрыццяў і парадаксальных высноваў знойдзеш на старонках гэтае кнігі. Чытай! Здзіўляйся! Спрачайся!
У адной са школаў, здавалася б, тыповага беларускага горада пачатку ХХІ ст. пяты год працуе малады настаўнік і літаратар Эрнест Скіргайлавіч Баластоўскі. За пару дзён да новага навучальнага года яго раптоўна прызначаюць класным кіраўніком у зусім няпросты выпускны клас. Настаўнік з неахвотай бярэцца за гэтую справу, паралельна адзначаючы цікавасць да сваёй асобы як з боку каляжанак ды старшакласніц, так і з боку загадкавай КНАКС – Камісіі па надзвычайнай ахове культурнай спадчыны, супрацоўнік якой папярэджвае яго пра верагоднасць сутыкнення са з’явамі звышнатуральнага парадку. Навучальны год робіцца для Баластоўскага сапраўдным выпрабаваннем, у якім вычварна пераплятаюцца педагагічныя нягоды, несупадзенні каханняў і нават цэлыя сусветы, куды фантастычным чынам рэгулярна «засмоктвае» настаўніка. Што страшней – настаўніцкая руціна ці ноч пры калінавым мосце? Што больш складана – выхоўваць праблемных выпускнікоў ці змагацца за каханне пад свінцовым дажджом Сталінграда? Ці здолее галоўны герой развязаць клубок праблем, каб знайсці галоўнае – разуменне і ўзаемнасць пачуцця? Адказы на гэтыя пытанні можна атрымаць, прачытаўшы новы раман Сяргея Балахонава «Інфанта і аднарог».