Прыгоды ўдалага салдата Швейка. Яраслаў Гашак

Читать онлайн.
Название Прыгоды ўдалага салдата Швейка
Автор произведения Яраслаў Гашак
Жанр Зарубежная классика
Серия
Издательство Зарубежная классика
Год выпуска 1921
isbn 978-985-04-0208-0



Скачать книгу

што не даражыце маёй дабратой. Я вам пампую страўнікі, стаўлю клісціры, стараюся трымаць на строгай дыеце, а вы так перагружаеце страўнік! Хочаце нажыць катар страўніка, ці што? Дык памыляецеся! Перш чым вашы страўнікі паспеюць гэта пераварыць, я вычышчу іх так грунтоўна, што вы будзеце помніць пра гэта да самай смерці і дзецям сваім раскажаце, як аднойчы нажэрліся куранят і іншых ласункаў і як гэта не ўтрымалася ў страўніку і чвэрткі гадзіны, бо вам усё своечасова выпампавалі. А ну, за мной па адным! Не забывайце, што я не такі асёл, як вы, я трохі разумнейшы, чым вы ўсе, разам узятыя. Апрача таго, аб’яўляю, што заўтра прышлю да вас камісію. Занадта доўга вы тут качаецеся. I ніхто з вас не хворы, калі за пяць хвілін вы можаце так засвінячыць страўнік, як гэта вам толькі што ўдалося зрабіць… Дык наперад марш!

      Калі чарга дайшла да Швейка, доктар Грунштэйн паглядзеў на яго і, прыгадаўшы сённяшні візіт, спытаў:

      – Вы знаёмы з пані баранесай?

      – Гэта мая мачаха, – спакойна адказаў Швейк. – У маленстве яна мяне падкінула, а цяпер зноў знайшла…

      Доктар Грунштэйн сказаў лаканічна:

      – Потым пастаўце Швейку дадатковы клісцір. Увечары на ложках было панура. Толькі некалькі гадзін таму назад ва ўсіх страўніках былі розныя добрыя смачныя рэчы, а зараз там пераліваўся рэдзенькі чай са скарынкай хлеба.

      Нумар 21 каля акна ціха вымавіў:

      – Ці паверыце, хлопцы, але смажаных куранят я люблю больш, чым печаных.

      Нехта прабурчаў:

      – Зрабіце яму цёмную! – Але ўсе так аслаблі пасля няўдалага пачастунку, што ніхто не скрануўся з месца.

      Доктар Грунштэйн стрымаў слова. Яшчэ да абеду прыйшло некалькі вайсковых лекараў са славутай медыцынскай камісіі. З важным выглядам яны абыходзілі рады ложкаў, і не было чуваць нічога іншага, як толькі: «Пакажы язык!» Швейк высунуў язык настолькі далёка, што яго твар перасмыкнуўся ў дурнаватую грымасу, а вочы самі сабой заплюшчыліся.

      – Асмелюся далажыць, пане штабны ўрач, далей язык не высоўваецца.

      Тут паміж Швейкам і камісіяй усчалася цікавая дыскусія. Швейк запэўніваў, што зрабіў гэтую заўвагу, баючыся, каб лекары не падумалі, што ён ад іх хавае язык.

      Члены камісіі рэзка разышліся ў сваіх ацэнках стану Швейка. Палова з іх сцвярджала, што Швейк – «ein blöder Kerl», у той час як другая палова лічыла, што ён прахвост і здзекуецца з вайсковай службы.

      – Каб вас гром забіў! – вызверыўся на Швейка старшыня камісіі.

      – Мы вас выведзем на чыстую ваду!

      Швейк пазіраў на ўсю камісію з боскім спакоем. Галоўны штабны лекар падышоў да Швейка ўсутыч.

      – Хацеў бы я ведаць, пра што вы, марская свіння, зараз думаеце?

      – Асмелюся далажыць, што я ўвогуле не думаю.

      – Himmeldonnerwetter! – загалёкаў адзін з членаў камісіі, бразгаючы шабляй, – ён увогуле не думае. Чаму ж гэта вы, сіямскі слон, не думаеце?

      – Асмелюся далажыць, я таму не думаю, што ў войску гэта салдатам забаронена. Калі я некалькі гадоў таму назад служыў у Дзевяноста першым палку,