Название | І хай ніхто не пойдзе пакрыўджаным або Грак і Монця Хрысцік |
---|---|
Автор произведения | Валеры Гапееў |
Жанр | Современная зарубежная литература |
Серия | |
Издательство | Современная зарубежная литература |
Год выпуска | 0 |
isbn | 978-985-7210-42-8 |
– Цікава як, – выдыхнуў нарэшце. – За колькі хвілін, як мяне… затрымалі, мы размаўлялі, ну, з дзяўчынай ішлі, пра інтэлігенцыю. Пра яе кіруючую ролю.
– Кіруючую ў якім сэнсе? – пацікавіўся Зміцер.
– У прамым. Яна мне казала, што гэта – эліта грамадства, яна кіруе не непасрэдна, але ўся ўлада ў яе.
– Бацюхны свет… – працягнуў ці не роспачна Зміцер. – Мацвей, скажы мне: дзе ты жывеш? Я хачу на тваё месца! У тваім свеце так цудоўна!
– Я на Кульмана, у інтэрнаце. Родам з райцэнтра, – не зразумеў сарказму Мацвей. – Я праўда не цямлю пра гэту… лысенкоўшчыну. І пра Курапаты… Не цікавіўся. Чуў толькі…
– Хочаш пачуць падрабязна? Ноч доўгая… Але мне не дапяць, як табе даверылі лістоўкі.
– Я ж казаў: я не ведаю, адкуль яны ўзяліся ў маім матрацы! – па-дзіцячы апраўдаўся Мацвей.
– Ну і стой на тым перад следчым, – згадзіўся Зміцер. – То слухай. Найперш: інтэлігенцыя – гэта, акцэнтую тваю ўвагу, – духоўны і навуковы складнік грамадзянскай супольнасці, без якой існаванне грамадзянскай супольнасці немагчымае. Той складнік, які здольны да крытычнага мыслення. Але ніяк не чыноўнікі, якім супольнасцю дэлегуецца абавязак практычнага выканання і рэгулявання законаў. Ды стоп… Што такое грамадзянская супольнасць, разумееш?
Недзе з гадзіны дзве Зміцер расказваў: нетаропка, папраўляючы сам сябе, вяртаючыся назад у гісторыю, робячы адхіленні, прыводзячы прыклады. Мацвей слухаў уважліва, часам перапытваў, не даючы сабе веры і адначасова неймаверна ўражаны ад пачутага: няўжо так сапраўды ёсць? Як жа атрымалася, што такі пласт ведаў заставаўся ад яго ў баку? Чаму ён не цікавіўся ім? Чаму падобнага не чуў ад маці? (Бацька выправіўся, казала яму бабуля, як яшчэ была жывой, “касіць сабакам сена” у пяцігадовым узросце сына.)
Калі Зміцер пачаў апавядаць пра рэпрэсіі, пра расстрэл у адну ноч паўтары сотні лепшых дзеячаў літаратуры, культуры і навукі Беларусі, пачулася варушэнне, потым голас мужчыны, “сямейнага скандаліста” Фёдара:
– Не чапалі б вы, хлопцы, мінулага… Надта моцна яно можа адгукнуцца і стрэліць у сённяшняе.
Мужчына сеў, цяжка ўздыхнуў. Аказваецца, і ён не спаў.
У маўчанні і звернутых да Фёдара позірках было пытанне і просьба патлумачыць свае словы, і ён праз колькі секунд працягнуў, уздыхнуўшы:
– Мой дзед па маці простым селянінам быў. Ужо і ў калгас паспеў уступіць пасля “вызвалення” ў 1939. Тут вайна, немцы стварылі ў вёсцы “самаахову” – далі дзецюкам ды маладым мужчынам палкі ў рукі, сказалі, каб па вечарах патрулявалі вуліцы. Праз два месяцы збеглі ўсе ў лес, у партызаны, бо пачалі моладзь адпраўляць у Германію. Дзед партызаніў, потым – на фронт. На Эльбе пабыў. Прыйшоў з вайны з медалём “За адвагу”. А яго заарыштавалі і ў Сібір. 20 гадоў далі – за тое, што чатыры разы прайшоўся па вёсцы з палкай у той нямецкай “самаахове”. А на сельсавет прыходзілі ўзнагароды на дзеда: ордэн Славы, ордэн Айчыннай вайны, медалі розныя… То адзін сельсаветчык, які вайну за вёскай у яме прасядзеў,