Гэта – рэмейк вядомага рамана вядомага француза? Але гісторыя кажа, што ідэя рамана пра графа Монтэ Крыста належыць не Дзюма – гэта рэальная гісторыя, крымінальная. І падобныя гісторыі – пра здраду і помсту – хіба не маглі адбыцца дзе заўгодна? Маглі! Раманы з падобным сюжэтам былі напісаны літаральна ва ўсіх літаратурах свету. Акрамя беларускай. Выпраўляем гістарычную несправядлівасць: вось вам раман пра здраду, гады палону і знявагі, бляск золата і халодную помсту (і канешне, з сяброўствам і каханнем). Дабро перамагае зло – вы часта такое сустракаеце ў нашай айчыннай літаратуры? І разам з тым, нічога звышпрыдуманага ці фантастычнага ў кнізе няма: ёсць цалкам рэальная наша Беларусь, рэальныя стасункі рэальных людзей. А калі казаць надта сур’ёзна, то гэты раман ніколечкі не прэтэндуе ні на якую глыбіню. Аўтар і выдавец мелі на мэце адно: падарыць вам колькі гадзін займальнага чытання.
Першы беларускі раман пра сучаснасць, у якім містычнае і міфалагічнае адваёўвае сваё права на існаванне ў рэчаіснасці і робіцца неад’емнай часткай нашага жыцця. Пакутлівыя пошукі выхаду з-пад улады Праклёну прыводзяць да неабходнасці паверыць. У рамане выяўляюцца тыя сілы, якія упарта адносіліся да міфічных толькі таму, што адным не хапала моцы паверыць і прыняць відавочнае, а другім хапала розуму і ўлады выдаваць сапраўднае за казкі і легенды.
Раман пачынаецца як класічны дэтэктыў: загадкавая смерць маладой жанчыны, сведкаў няма, слядоў таксама, сродак забойства нявызначаны. Далей высвятляецца, што забітая – лесбіянка, дачка мясцовага ведзьмака, сектантка, што нарадзіла за колькі дзён да смерці. Са звыклых дэтэктыўных рэек дзея, аздобленая пачуццём кахання, збочвае ў гушчар містыкі. Такім чынам, гэта эратычна-містычны дэтэктыў на тле беларускай правінцыі найноўшага часу…