Название | На заснежаны востраў |
---|---|
Автор произведения | Анка Упала |
Жанр | Современная зарубежная литература |
Серия | Электронная кнігарня |
Издательство | Современная зарубежная литература |
Год выпуска | 2017 |
isbn | 978-985-7165-513 |
– Выбачайце, Увэ, мы не разумеем.
Не разумець удзвюх не так бянтэжліва, як не разумець адной.
– А нядаўна, Алена, я не сцяміла, калі Увэ скончыў са мной гутарку, і ўвязалася за ім, калі ён пайшоў. Далібог, я пачувалася вельмі няёмка, калі ён азірнуўся і паглядзеў на мяне здзіўлена.
Таксама Тунтэматон расказала мне, як у дзень прыезду ў Яблычны горад прыцемкамі выцягнулася разам з усімі торбамі з электрычкі, калі на табло ў вагоне загарэўся надпіс “На Эмчопінг”, дзе Эмчопінг – назва патрэбнай ёй канцавой станцыі. Надпіс загараецца на кожным прыпынку. Тунтэматон, запрыкмеціўшы толькі ў сярэдзіне шляху, як высвечваецца назва патрэбнай станцыі, неадкладна выйшла. У газетным шапіку на станцыі яна пыталася, Эмчопінг гэта ці не, і таксама пачувалася дурніцай з іншай планеты, у цемры чакаючы наступную электрычку.
Смешна думаць, што такім чынам мы можам выходзіць на кожнай станцыі, як толькі загараецца надпіс “На Эмчопінг”.
– Напэўна, гэта экзістэнцыйнае пытанне, – кажу я. – Часам ніякая станцыя не Эмчопінг, а часам Эмчопінгам ёсць любая.
Тунтэматон мае фобію, занадта характэрную, каб яе апісваць, таму замест гэтага я буду казаць, што для Тунтэматон невыносна, калі прылятае вогненны цмок.
25
Замест заняткаў для ўсяго курса сёння прайшла лекцыя рэпарцёра, які падчас журналісцкага даследвання быў затрыманы разам з калегам-фатографам і правёў чатырыста трыццаць восем дзён у эфіёпскай турме. Рэшту дня я валялася ў ложку праз кволасць, што напала на мяне. Мацільда бегала туды-сюды. Часам дзверы адчыняліся, з’яўлялася Мацільдзіна рука, што-небудзь клала на стол ці, наадварот, брала са стала – і дзверы зачыняліся. Мацільда прыйшла спаць пасля адзінаццатай і перад сном абвясціла:
– Заўтра я падымуся на заняткі своечасова!
– Добра, а то я вагаюся, будзіць цябе ці не, – адказваю.
Вучымся мы абедзве ў тым жа корпусе, дзе і жывем, дайсці да вучэбных кабінетаў – тры хвіліны. Але Мацільда ўжо часта спазнялася на заняткі, бо прасыпала.
Я думаю пра сённяшнюю лекцыю. Перад палонам партызаны падстрэлілі журналіста ў плячо, а фатографа – у руку. Нам паказвалі на фота рану апошняга: у ёй была бачная костка, пачалося запаленне і гніенне.
– Спадабалася табе лекцыя? – пытаю ў Мацільды.
– Было цікава.
– Прыкра, што я разумела не ўсё. Вось як яны маглі трываць боль ад такіх страшных ран?
– Ён казаў, што яны былі настолькі радыя, што іх не застрэлілі, ажно боль ад ран адыходзіў на другі план.
– Мне так шкада мясцовую журналістку, якая так і засталася ў той турме, адкуль іх вызвалілі, і астатніх вязняў таксама шкада, там жа ўсе палітычныя.
– І мне. Гэта так важна, што яны пра гэта расказваюць…
Мацільда калісьці сказала, што мае намер вучыцца ва ўніверсітэце на журналістку.
– А ты калі-небудзь спрабавала пісаць артыкулы? – пацікавілася я тады.
– Не-а.
Не