Ночы на Плябанскіх млынах (зборнік). Людміла Рублеўская

Читать онлайн.
Название Ночы на Плябанскіх млынах (зборнік)
Автор произведения Людміла Рублеўская
Жанр Современная зарубежная литература
Серия
Издательство Современная зарубежная литература
Год выпуска 2015
isbn 978-985-02-1428-7



Скачать книгу

інсургент заўсёды мае пры сабе… Слабы агеньчык асвяціў каменную сцяну ў цёмных рагах, вакно з зачыненымі аканіцамі… Здаецца, вугал Францысканскай? Агонь змрочна люстраваўся ў цёмнай лужынцы, што ўтварылася ля параненага пляча… Яну здалося, што сама ноч хіснулася перад вачыма, як адлюстраванне на паверхні бяздоннага віра… Як ён саслаб… Не заўважыў адразу… Вось жа – дзверы. Апошнім намаганнем інсургент стукнуў у іх… Перад тым, як страціць прытомнасць, падалося: дзверы расчыніліся, з іх пацягнула дзіўным пахам – як быццам адчыніўся стары-стары куфар…

      Паранены ачуняў у ложку – вялізным, як Грунвальдскае поле, і цвёрдым, як зямля таго поля. Разныя калоны з чорнага дрэва, якія мусілі падтрымліваць зніклы балдахін, страшэнна нагадвалі калоны ўсыпальніцы. І пакой быў вялікі, пусты і цьмяны. Са шчылін аканіцаў прабівалася туманістае святло. І нібыта з гэтага святла да ложка наблізілася постаць. Ян убачыў бледны гожы твар, вялікія вочы, сумныя-сумныя, аж сэрца зашчымела ад болю, што ў іх люстраваўся… Потым Ваньковіч так і не змог успомніць, у што была апранутая дзяўчына – але дакладна, што ў чорнае, і нават гук яе голасу знік з памяці – хаця яны размаўлялі… Шматкроць ён спрабаваў яе намаляваць – заўсёды меў з сабой нататнік з алоўкам. Карона цёмных кос над высокім белым ілбом… Горка падціснутыя вусны, нос з вытачанай гарбінкай, зламаныя бровы. Вочы светла-шэрыя… Адзін куточак роту трохі прыўзняты, і ад гэтага выраз твару незразумелы: спачуванне? Насмешка? Ваньковіч не даведаўся ні імя паненкі, ні хто яна. Хаця ўчынку незнаёмкі не дзівіўся – многія шляхцянкі зладжвалі лазарэты для паўстанцаў у сваіх маёнтках, насілі жалобу па загінулых, хаця гэта адмыслова забаранялася, і па асабістым загадзе менскага губернатара за з’яўленне на людзях у чорнай сукенцы належала заплаціць штраф у 50 рублёў срэбрам.

      Ішлі дні, а Ян усё нікога не бачыў, акрым сваёй таямнічай гаспадыні. Патроху ён пачаў уставаць, хадзіць па пакоях – усе цёмныя, пустэльныя. Спрабаваў адчыніць хаця б адно акно – але ці ён так саслаб, ці шыбы былі зусім нерухомыя ад старасці… Што ж, нельга дакараць за перасцярогу тых, хто рызыкуе жыццём дзеля высакароднай справы. Магчыма, дом лічыўся закінутым, і не варта было, каб выпадковы мінак заўважыў, што ў ім нехта жыве. Праўда, дом, відаць, знаходзіўся зусім наводшыбе – з-за вокнаў і вечна вільготных муроў не далятала ніводнага гуку, як у магіле. Але жандары правяралі нават закінутыя дамы…

      – Толькі кроў і агонь адчыняць дзверы гэтага дома, – супакоіла гаспадыня, і Ян у чарговы раз патануў у яе вялізных вачах колеру шэрага сакавіцкага неба. Так, гаспадыня не памыляецца – вораг сюды не ўвойдзе, не праліўшы крыві. Зброя пры інсургенце. І шабля, упрыгожаная адзіным, але затое вялізным дыяментам – спадчына прадзеда. І пісталет, праўда, без набояў… Але Ян чамусьці быў пэўны, што ў гэтым доме знойдзецца і порах, і кулі… Аднекуль жа браліся на стале хлеб і віно, і іншыя няхітрыя стравы, смаку якіх таксама не памятаў. Размовы між госцем і пані нагадвалі веснавыя ручаіны – то хаваюцца пад снегам,