Ночы на Плябанскіх млынах (зборнік). Людміла Рублеўская

Читать онлайн.
Название Ночы на Плябанскіх млынах (зборнік)
Автор произведения Людміла Рублеўская
Жанр Современная зарубежная литература
Серия
Издательство Современная зарубежная литература
Год выпуска 2015
isbn 978-985-02-1428-7



Скачать книгу

дасюль думае, што яе каштоўнасць дасталася шчаслівай нявесце… Не збіраюся яе разупэўніваць. Але… ведаеце…Часам я шкадую, што больш ніколі не давядзецца перажыць тое незвычайнае адчуванне, нібыта таямніца сусвету ляжыць у маіх далонях.

      Зося скончыла расповед і задумліва глядзела на свае рукі, быццам уяўляла ў іх брошку ў выглядзе лілеі.

      Улад паціснуў плячыма:

      – Думаю, Серапіёнавыя браты збэсцілі б тваю гісторыю. Мала таго, што ніякай містыкі, дык яшчэ і гумару бракуе. І не страшна, і не смешна.

      Зося бліснула зялёнымі вачыма – халодная маланка.

      – Страшаць баязліўцы, смешаць няцвёрдыя ў сабе… У маіх акулярах няма ні ружовых шкельцаў, ані чорных, дый увогуле акуляраў не маю. Прымаю жыццё, якім ёсць. Калі вам не хапае тэатральнага рэквізіту, пашукайце ў каго іншага.

      Улад сумеўся.

      – І ўсё-ткі так нельга… Памятаеш, у «Беларускай хатцы» паказвалі батлейку? Апошняга, можа, батлейшчыка ў Менску знайшлі… Лялькі аднавілі… Дык «ідэйна правідловая» частка гледачоў пачала гарлаць, што гэта перажыткі і рэлігійная прапаганда, засмуцілі беднага дзядка-батлейшчыка, якога ў свой час жандары ганялі… Што ж гэта будзе, калі мы адмовімся ад прыгожага, ад гульні, ад карнавалу? Ад гісторый пра прывідаў і цмокаў? Чалавека робіць адрозным ад жывёлы не тое, што неабходна, а тое, што залішняе… Тое, што не прыносіць відочнай карысці. Музыка, спеў, паэзія, вытанчаныя краты на балконе палаца, разныя ліштвы на сялянскім доме, вышыўка на рушніку…

      – Сустрэчны вецер эпохі садзьме гэта, бы карункавы капялюшык з паненкі, што ўселася на пляцоўцы імперыялу, – жорстка запярэчыў Ной, які ўвесь гэты час ляпіў з наплаканага пахавальнымі свечкамі воску маленькіх яшчарак. – Малевіч намаляваў свой чорны квадрат – і гэта дзверы, за якімі пачынаецца невядомы, але адзіна магчымы шлях наперад. Нішто не паўтараецца… Фараонаў малявалі толькі ў профіль, у трагедыях не маглі ў якасці галоўных герояў выступаць слугі, жанчыны не мелі права з’яўляцца на сцэне… Хто цяпер запатрабуе таго ж?

      Улад спахмурнеў, звычайная іронія пакінула яго.

      – Ты кажаш пра прагрэс у мастацтве, але мне свет, дзе пануе чорны квадрат, уяўляецца застрашлівым. Будынкі ў выглядзе вялізных шэрых скрынак з квадратамі вокнаў, песні ўсе з адной бязглуздай фразы і прымітыўнага рытму, і адна газета на ўсіх, дзе тлумачыцца, якія ўсе шчаслівыя… Ведаеш, калі Платон прыдумляў сваю ідэальную дзяржаву, то хацеў прыблізна такога… Усе мусілі танчыць і спяваць, якія яны шчаслівыя, а паэтаў належала забіць.

      – Ведаеце, калі гэтая адзіная газета і адзіная песня будзе на беларускай мове, я згодны і з такой сумнай прышласцю, – задумліва прамовіў пан Беларэцкі.– Але нешта мне падказвае, што спрошчаны да простакутнікаў свет не змесціць нашую цудоўную, неспазнаную беларускую Атлантыду – яна толькі пачынае ўздымацца з мутных хваляў забыцця, з-пад усялякай набрыдзі… А тут не самабытнасць вымагаецца, а ўніверсальнасць… Кіёк