Ночы на Плябанскіх млынах (зборнік). Людміла Рублеўская

Читать онлайн.
Название Ночы на Плябанскіх млынах (зборнік)
Автор произведения Людміла Рублеўская
Жанр Современная зарубежная литература
Серия
Издательство Современная зарубежная литература
Год выпуска 2015
isbn 978-985-02-1428-7



Скачать книгу

экране, і гэтак жа застылі гледачы… Гэта была больш чым гульня.

      Запалілася святло… Экран прыбралі, размовы патроху аднаўляліся… Вядома, вочы ўсіх – ці патаемна, ці адкрыта – шукалі герояў драмы… Пан Яўстафій, аднак, не выглядаў узрушаным, ён па-ранейшаму ветліва ўсміхаўся, час ад часу падносіў да вуснаў кубак з віном… Можа быць, ён быў пасвечаны ў незвычайную містыфікацыю? Але калі Любанскі павярнуўся, я заўважыў, як на яго скроні б’ецца жылка… Проста – скронь, сівая скронь немаладога моцнага мужчыны. І цяжкая, упартая пульсацыя – нібы знутры хоча вырвацца неверагоднай моцы шал… І гэтае відовішча чамусьці ўразіла мяне больш, чым калі б Любанскі зараз учыняў харакіры, як героі тэатра ценяў. Я азірнуўся. Пані Ядвіга, па-ранейшаму вясёлая і гарэзная, прахаджвалася між гасцямі. Навошта яна гэта зрабіла? Я дасюль не магу зразумець. Памучыць старога мужа, які яе абагаўляў – як маленькія дзеці мучаюць бацькоў, схаваўшыся і доўга не адклікаючыся на крыкі? Ці хацела намацаць тую мяжу, за якой яе спыняць – некаторым не смакуе жыццё без адчування такой мяжы, без супраціву і забароненасці… Або гэта была проста юная пагарда да ўсіх забаронаў і забабонаў, сцверджаная першым сапраўдным каханнем? Але хто ён, герой раману?

      Я мімаволі абводзіў вачыма натоўп, вылучаючы маладых, высокіх, гожых… Можа, гэты – у афіцэрскім мундзіры, з падвітымі колцамі вусікамі? Або вунь той, у белым сурдуце, падобны да антычнага бога са сваімі завітымі кудзеркамі? Ці… той музыка, што стаіць збоку ад бліскучага натоўпу, апусціўшы скрыпку, і ў ягонай паставе – амаль што пагарда? Колькі такіх цікаўных позіркаў скрыжоўвалася ў той вечар у садзе Лошыцкай сядзібы… Прынамсі, справы аднаўлення Менскага Таварыства аматараў прыгожых мастацтваў цікаўнасці не выклікалі ні ў кога. Так званы свет… Людзі, што жылі на гэтай зямлі, як прыхадні, не пачуўшы яе, не паспрабаваўшы зразумець яе душу.

      Я вярнуўся ў гатэль з прыкрым адчуваннем калекцыянера, якому дасталася атрутная архідэя, і ад яе загінулі іншыя экзэмпляры. Так, усё-ткі слова «каханне» мае больш старажытнае паходжанне, чым «любоў»… Каханне – гэта яшчэ з санскрыту. У гэтым слове адгукаецца пракаветнасць – паганскія капішчы, ахвяраванне, смерць… Бог ты мой…

      Праз два месяцы я атрымаў ліст з Менску – сябар, які і завабіў мяне на злашчасны баль, распавядаў, як узрушыла ўсіх месцічаў смерць пані Ядвігі Любанскай. Нібыта ноччу пайшла яна чамусьці да Свіслачы, спусцілася па стромым адхоне, села ў лодку… А лодка перакулілася… Так і знайшлі пані назаўтра ў рацэ. Аўтар пісьма відавочна лічыў, што справа нячыстая. І неадменна ў ёй замешаны стары Любанскі. Іначай навошта гэты дзіўны загад адразу па пахаванні – замураваць вакно ў пакоі пані Ядвігі? Цела загадаў запаяць у свінцовую труну і паставіць у Лошыцкай капліцы… І з’ехаў адразу ж на Каўказ…

      Праз год я зноў-такі выпадкова, з ліставання даведаўся, што пан Яўстафій на Каўказе памёр… Але што мне было да чужых смерцяў, калі смерць стаяла ў галавах блізкага