Название | Губернскі дэтэктыў. Справа аб крывавых дукатах |
---|---|
Автор произведения | Ксенія Шталенкова |
Жанр | Исторические детективы |
Серия | |
Издательство | Исторические детективы |
Год выпуска | 2017 |
isbn | 978-985-7180-58-5 |
– Канстанцыя Тэафільеўна, – прымірэнча пачаў пан Пракшын, на што яго цешча толькі чарговы раз закаціла вочы – зваротаў на рускі манер яна не цярпела, ды яшчэ і нагадванне пра тое, што з зяцем яны былі цёзкамі, не надта яе натхняла, – у такой сітуацыі я бачу толькі адно: каб Тэдзі не псаваў вашыя гардзіны, ды і не гадзіў у кватэры ўвогуле, трэ вырашыць пытанне аб яго рэгулярным выгуле. Мне падаецца, прыслузе можна гэта даверыць. Аднак же мацыён і вам бы стаўся на карысць.
Яўгенія Канстанцінаўна, назіраючы бабуліна відавочнае незадавальненне, усё ж дазволіла сабе ўхваліць бацькавыя словы, аднак ён тут жа дадаў:
– Абедзвюм. Гэта ж ты, Джынні, выпускаеш яго раніцай у калідор са свайго пакоя?
– But daddy![14]– гэтым разам чарга абурацца надышла панне Пракшыной. – Тэдзі можа застудзіцца ў такое надвор’е.
– Вось і змайстравала б яму каптанчык, – развёў рукамі татухна і разгарнуў свежы нумар «Губернских ведомостей».
– Ты выдатна ведаеш, што я абдзеленая гэтымі ўменнямі і шыю надзвычай нязграбна, – ніяк не хацела пагадзіцца з пастанаўленнем Яўгенія Канстанцінаўна.
– Выдатная падстава нарэшце навучыцца, – вызірнуў з-за газеты Канстанцін Мікалаевіч і дабрадушна засмяяўся. – Што скажаш, Бэтсі?
– Сшыць каптанчык табе дапаможа хтосьці з дзевак, – злітавалася матухна. – А вось датычна выгулу трэ скласці, па маім разуменні, графік.
– Не была б ты палкоўнічыхай! – падціснула вусны пані Канстанцыя. – Я ўжо даўно кажу, трэба з’язджаць адсюль кудысь у больш спрыяльныя мейсцы. Тут тлумна, цэлымі днямі сноўдаюць натоўпы нейкіх прайдзісветаў, ды і гэтага паскудніка няма куды выпусціць.
– Адчаго ж, maman[15], мы жывём побач з цудоўным скверам, – нагадала ёй дачка. – Ды і водаправод тут маецца ў адрозненне ад вашых «спрыяльных мейсцаў».
Пані Канстанцыя вырашыла зрабіць выгляд, быццам не пачула гэтай заўвагі, і, будзённа намазваючы сабе маслам тост, прадоўжыла ўжо не першы раз агучаныя скаргі:
– Мне цяжка ўздымацца туды-сюды па лесвіцы, узімку з вакон дзьме…
– Канстанцыя Тэафільеўна, – зноўку адклікнуўся з-за газеты яе зяць, – вы ж выдатна ведаеце, чаму мы не можам жыць у вашым маёнтку.
Бабуля ўжо напоўніла была грудзі паветрам, з тым каб з усёй годнасцю, уласцівай яе персоне, даць Канстанціну Мікалаевічу найпадрабязнейшы адказ на яго неасцярожную заяву, аднак у сталоўню ўбегла пакаёўка Агапка і паклала побач з паннай Пракшыной чарговую капэрту.
– Гэта што яшчэ за цыдулачкі? – пацікавіўся татухна.
– Гэта Каця, – неахвотна патлумачыла Яўгенія Канстанцінаўна і раскрыла новае пісямцо.
– Нават не жадаю чуць ейнае імя ў нас за сталом! – не абмінула скарыстацца магчымасцю выбухнуць бабуля. – Мала таго, што яна пацягнула цябе на гэтую не вартую тваёй увагі вечарыну, дзе, я ўпэўнена, нават ніводнага маладога чалавека твайго кола не знайшлося, дык яшчэ праз яе
14
Але татухна! (анг.)
15
матухна (фр.)