Название | Янкі, альбо Астатні наезд на Літве |
---|---|
Автор произведения | Уладзіслаў Ахроменка |
Жанр | Современная зарубежная литература |
Серия | |
Издательство | Современная зарубежная литература |
Год выпуска | 2007 |
isbn | 978-985-6530-42-8 |
Наступным днём усе чыкагскія газеты выйшлі з кідкімі загалоўкамі: “Гангстэр Карла Спагеці з мафіёзнай групоўкі “Сіцылійская вячэра” застрэліў шэрыфа Джона Сміта-Весона!”, “Чыкагская паліцыя зліквідавала бутлегерскую сетку “Тутэйшыя!”, “Сяржант Нік Джонсан застрэліў гангстэра Піта Пратасеню па мянушцы Бімбер!”, “Яшчэ дзесяць паліцыянтаў згарэлі жыўцом!”
Тым часам адзін з галоўных герояў газетных рэпартажаў ужо сядзеў у шэзлонгу на палубе трансакіянскага лайнера “Нармандыя”, што кіраваўся ў Стары Свет. На яго шыі побач з крыжыкам зіхцеў залаты абразок са Святым Януарам. Праз саломінку Хросны пацягваў зафарбаваны апельсінавым сокам пярвак і раўнадушна сузіраў, як хмарачосы Манхэтэна знікаюць за даляглядам.
А праз тры тыдні Хросны з бездакорнымі дакументамі грамядзяніна Паўночна-Амерыканскіх Злучаных Штатаў Джона Сміта-Весона прыбыў у родную Гародню; знешняе падабенства з забітым шэрыфам прыдалося. Але адразу на гарадзенскім вакзале ён быў заарыштаваны Дэфензівай, як эмісар амерыканскай секцыі Камінтэрна. Пільных агентаў адразу ж насцярожыў чалавек з нетутэйшым прозвішчам, які наўмысна карыстаўся мясцовай гаворкай і гучна абураўся, што ў шапіку не дакупіцца беларускіх газетаў. Пасля непрацяглага следства і суда Хросны атрымаў пяцігадовы тэрмін зняволення, які і адправіўся адбываць у знакаміты канцлагер “Бяроза-Картузская”.
Але і для тутэйшых, і для тамтэйшых беларусаў ён так і застаўся Хросным.
Частка першая
Горкі яблык
1
Начное жытнёвае поле перацінала старасвецкая брукаванка. Масянджовая поўня адбівалася ў бліскучых пукатых камянях старога Віленскага гасцінца. Бляшаная шыльда на ўзбочыне сардэчна вітала тых, хто кіраваўся на поўдзень: “Zapraszamy do Grodno”. З адваротнага боку брутальна чарнеў саматужны надпіс: “Пшэкаў – да дупы”.
Доўгі шляхотны “Пакард” нібыта зматэрыялізаваўся з начной цямрэчы. Сляпучыя конусы святла коса слізганулі па польскім надпісе. Лімузін віртуозна заклаў разварот на вузкай брукаванцы, і святло фараў на імгненне выхапіла з чарнільнай начы шчырае пажаданне польскім прыхадням.
Праз колькі секунд за “Пакардам” азначылася яшчэ колькі легкавікоў. Яны паважна мінулі лімузін і пісьменна блакавалі шлях на Гародню. З салонаў порстка пасыпаліся спрытныя маладзёны відавочна чакісцкай знешнасці. У трэніраваных руках пагрозліва блішчэла зброя савецкай вытворчасці: ручныя кулямёты, карабіны, пісталеты, рэвальверы і нават супрацьтанкавая рушніца.
Звяружны волат без асаблівых высілкаў выцягнуў з машыны і гупнуў на брук паўнюткі мех ручных гранатаў. Поўня нясмела абліла яго няўсмешлівы твар святлом і, нібы спалохаўшыся, адразу схавалася ў раскудлачаных ветрам хмарах.
Бакавое шкло “Пакарда” няспешна спаўзло ў нутро пукатай лакіраванай дзвёркі. З глыбіні шыкоўнага салона пачулася:
– Таварыш Баян, на цябе ўскладзена аператыўная адказнасць за поспех усёй