Название | Янкі, альбо Астатні наезд на Літве |
---|---|
Автор произведения | Уладзіслаў Ахроменка |
Жанр | Современная зарубежная литература |
Серия | |
Издательство | Современная зарубежная литература |
Год выпуска | 2007 |
isbn | 978-985-6530-42-8 |
– Глядзіце, зайздросьце, я – грамадзянін Савецкай Беларусі! – ганарліва дакляраваў ён і выцер падбароддзе рукавом. – Няма ў нас на каго спіну гнуць! У нас няма дваранаў, у нас усе роўныя! Ганіце польскіх паноў і падпанкаў! Стварайце камітэты сялянскай беднаты! Уступайце ў падпольныя парт’ячэйкі! Чытайце “Звязду” ды “Савецкую Беларусь”! Купляйце танную кантрабандную “Крамлёўскую” толькі ў шынках Навума Фабрыканта! І тады, як прыйдуць Саветы, кожнаму селяніну дадуць па такім самым лімузіне, як у нас!
– Калі за Саветамі жыццё такое шчаслівае, то, можа, і людзі там не паміраюць? – хітра прымружыўся селянін.
– Старыя – паміраюць, – скрушна прызнаўся чакісты, тут жа схамянуўся, выправіўся, – але ненадоўга.
Кіроўца злякана зірнуў на старэйшага таварыша і прыціснуў газ. “Пакард” ірвануў па шашы.
– Ты чаго? – здзівіўся агітатар, – я нават пачаставаць іх не паспеў!
– Таварыш Баян! Знаходзячыся на тэрыторыі, часова кантраляванай класавым ворагам, ты злосна парушыў канспірацыю, – сувора нагадаў кіроўца ў скуранцы, – таварыш Пранік такога ніколі не даруе. Да цябе я гэткага ж балбатуна вазіў. І ведаеш, куды яго язык завёў? У Курапаты!
У салоне запанавала маўчанне, было толькі чуваць, як роўна гудзе магутны васьміцыліндровы рухавік – жарэ паліва і кіламетры, бы тая свіння памыі. Мільгацелі бярозы ды сосны. У даліне, залітай фіялетавым паўзмрокам, шапталіся явар з калінай. Стракацелі вузкія сялянскія надзелы – палосы. Абапал дарогі крыжамі-волатамі чарнелі тэлеграфныя слупы.
Пагоркі незаўважна змяніліся роўнай, як патэльня, зямлёй. Стомлены дарогай кіроўца паціху дзёўб носам.
– Які прывабны краявід! Якая паша! Якое поле! Ну проста цуд прыроды! – пранікнёна пракаментаваў Баян. – Тут табе не Гарадзеншчына. Стратэгічная роўнядзь ад краю да краю. Танкавая калона па ёй, нібы, на парадзе пойдзе. Шчаслівыя дзяўчаты ў вышыванках нашых вызваленцаў вітаць выйдуць, непераможных і легендарных. Вось толькі мост наперадзе, яго пілсудчыкі напэўна замініруюць. Варта загадзя парашутны дэсант скінуць.
– Ага… – толькі і азываўся сонны кіроўца, ды далей дзёўб носам.
Насып набіраў вышыню, за шклом пабеглі парэнчы маста.
– Глянь, дзеўкі! – шчасліва выгукнуў Баян.
– Ага… – прагучала з ранейшай санлівасцю.
– У рэчцы плёхаюцца, што тыя бабрыхі!
– Ну і хай сабе. – Голыя! – працягваў спакушаць старэйшы чакісты.
Кіроўца нарэшце зірнуў на раку млява і абыякава, нават галавы не павярнуў:
– Хіба ж то дзеўкі? Простыя сялянкі! Вось на гарадзенскай Раскошы – сапраўдныя дзеўкі стаяць! Майткі карункавыя. Панчохі ядвабныя. Вусны падведзеныя. А водар які ад іх сыходзіць! Не прамінуць. Мяне на Раскошу штовечар як магнэзам цягне. Каб не прапанаваў ты таварышу Праніку гэтага амерыканскага Хроснага, адцягнуўся бы я напоўніцу. У “Kajakowym klubie” сёння танцы. А пасля танцаў у кожнага шляхотнага фацата на кожным калене сядзіць па вясёлай кабеце.
“Пакард” мінуў мост.