Название | Беларуская лiтаратура |
---|---|
Автор произведения | Уладзімір Навумовiч |
Жанр | Языкознание |
Серия | |
Издательство | Языкознание |
Год выпуска | 2013 |
isbn | 978-985-06-2271-6, 978-985-06-1950-1 |
…Хлапечае жыццё мікрараёнаў
Заблыталася ў бітумнай смале.
Будзільнікам зялёным, электронным
Мільгае вока часу на стале…
У беларускую паэзію прыйшло новае пакаленне паэтаў – дзяцей сучаснага горада.
У Анатоля Сыса ў вершах вельмі ўзмоцнены асабісты погляд на жыццё. Творы яго нязвыклыя, разлічаныя на знешні эфект. Кожнае слова б’е ў сэрца, каб здзівіць, аглушыць, каб ускалыхнуць душу чытача, апелюючы да асноватворнага, да гістарычнага мінулага, да нашых каранёў і традыцый, да выдатных асоб зямлі беларускай. Гісторыя пераплятаецца ў вершах з сучаснасцю, біблейскія матывы перамяжоўваюцца з сённяшнімі сімваламі (зборнікі вершаў “Агмень”, “Пан Лес”).
Замілавана, хвалююча і хораша гаворыць пра сваё захапленне высокім святлом беларускай прыроды, пра сваё адчуванне, пра саборнасць прыроды і народа паэт Анатоль Вялюгін:
З усіх сабораў ёсць сабор,
дзе згодзен я маліцца:
У спелым леце, спелы бор,
звіняць твае званіцы.
А. Вялюгін натуральна і вельмі пранікліва малюе тую незвычайную пару года на Беларусі, калі зацвітаюць дрэвы, расквечваюцца белымі пялёсткамі, стаяць, як смятанай аблітыя, яблыні, грушы, слівы, а тут раптам “на цвет” надыходзяць халады – гэта зацвітае чаромха. Іх так і называюць у народзе – “чаромхавыя халады”. Чытаем у кнізе “Адрас любві”:
Па ярах сумётамі – белая чаромха,
Салаўі шалёныя б’юць на ўсе лады.
Заінела пер’е майскага чароту:
Выветрыўшы неба,
Ходзяць халады.
Беларусы здаўна належалі да цывілізацыі лесу. Яшчэ ў мінулым стагоддзі 80 % тэрыторыі нашай краіны заставалася пакрытай лясамі. Выпрамляючы рэкі і асушваючы балоты, людзі “выпроствалі” ўласныя душы. “Азону, – просім мы, – азону!” – пісаў П. Панчанка. Прырода Беларусі – гэта частая змена краявідаў: балотца, лясок, рачулка, азярцо. Тут няма аднастайнасці пейзажаў, нават песень у народзе не існуе пра бяскрайнія стэпы, моры, горы. Затое ёсць шмат вершаў пра дарогі, сосны, валуны, матчын хлеб, вятры, жыта, сонца. Паэт Васіль Зуёнак у зборніку “Сяліба” выказвае трывогу за ўсё жывое на зямлі:
Паміж сэрцам маім і трывогай —
Як сцяна – два крутыя парогі…
Пыл на крылах вятроў развею,
Ля дарогі жыта пасею…
Я прыйду,
Я прыйду да вас, людзі,
Хай трывога мне сэрцам будзе!
Лірычна-ўзнёслая, светлая і патрыятычна напоўненая паэзія Генадзя Пашкова, узбагачаная вопытам эпохі, асабістымі перажываннямі за ўсё, што робіцца на зямлі. Г. Пашкоў – паэт непаўторны, яркі самабытны.
Ёсць Паэт.
І якая паэта натхніла.
Назавём яе імем славянскім —
Людміла.