Название | Чароўная скарбніца |
---|---|
Автор произведения | Людмила Рублевская |
Жанр | |
Серия | Сучасная беларуская лiтаратура |
Издательство | |
Год выпуска | 2023 |
isbn | 978-985-19-7348-0 |
– Гэта і ёсць твае родзічы? – моршчылася Зялёнка, разглядаючы чубатак.
– Магчыма, – адказаў Вухуцік.
– Анічога агульнага! – выказала меркаванне Сінька.
Улада адчыніла дзверы куратніка, і дзеці ўвайшлі. Тут было ціха і змрочна. Сонечнае святло прабівалася праз адзінае акно, якое знаходзілася амаль пад столлю. На падлозе ляжала салома, уздоўж сцен мацаваліся жэрдкі, на якіх любілі сядзець чубаткі, ля дальняй сцяны былі размешчаны адмысловыя паліцы, дзе куры адкладалі яйкі. Зараз тут было некалькі насельніц, прыход дэлегацыі гасцей усхваляваў іх. Птушкі заквахталі, залопалі крыламі.
– Не бачаць яны ў табе родзіча! – хмыкнула Зялёнка.
Улада падвяла дзяцей да гнязда, у якім ляжалі яйкі.
– Вось прыкладна ў такім і ты некалі быў, – сказала дзяўчынка.
– Такое невялічкае? – здзівіўся Рудаш.
– Кураняткі вылупліваюцца маленечкімі жоўценькімі пухнацікамі, спачатку на далоньцы змяшчаюцца, а потым хутка вырастаюць у вось такіх вялікіх курэй, – патлумачыла Улада.
– Я ніколі не быў жоўценькім, – адзначыў Вухуцік.
У куратнік пачалі сходзіцца яго астатнія жыхары. Іх, пэўна, трывожнае квахтанне сябровак завабіла. Сінька і Зялёнка ўзялі з гнязда яйкі, каб лепш іх разгледзець. Чубаткам гэта не падабалася, яны папераджальна лопалі крыламі і выдавалі незадаволеныя гукі. Улада сказала паненкам, што лепш вярнуць усё на месца, але тыя не спяшаліся выконваць параду. І тут у куратнік увайшоў певень. Вялікі прыгожы птах гучна-гучна закукарэкаў і загарцаваў па саломе, б’ючы паветра крыламі.
– Думаю, нам лепш пайсці адсюль! – устрывожылася Улада.
– А пазнаёміцца з гэтымі істотамі? – не згаджалася Зялёнка.
Гаспадыня не паспела адказаць. Певень вырашыў пайсці ў наступленне на няпрошаных гасцей. Ён пачаў грэбці падлогу моцнымі кіпцюрамі і ваяўніча, быццам шчыт, выкідваць перад сабой адно крыло. Чубаткі мітусіліся па куратніку і гучна квахталі. Дзецям стала страшна. Сінька і Зялёнка паспешліва паклалі яйкі на месца, але гэта ўжо не дапамагло. Куры на чале з пеўнем адзіным фронтам атакавалі прышлых. Вухуцяне загулі ў свае насы-дудачкі і кінуліся прэч ад курэй. Утварыўся суцэльны пярэпалах: квахтанне, кукарэканне, лямант… Ляталі пер’е, салома, слупы пылу. Улада падбегла да дзвярэй, шырока расхінула іх і крыкнула:
– Сюды! Хутчэй!
Вухуцяне адно за адным выскачылі з куратніка, і гаспадыня прычыніла дзверы.
– Фух! Ледзь не памерла ад жаху! – выдыхнула Мінола.
– Якія агрэсіўныя істоты жывуць на Зямлі! Мяне другі раз ледзь не з’елі! – вытарашчыўшы вочы, крычала Сінька.
– Якая страшная планета! – усхліпвала Зялёнка.
– Ну мы ж самі палезлі з імі знаёміцца, куры нас да сябе не запрашалі! – паспрабаваў растлумачыць негасцінны прыём Рудаш.
– Як сабе хочаш, Вухут, але я з такімі сваякамі нічога агульнага мець не хацела б! – Сінька