Название | Чароўная скарбніца |
---|---|
Автор произведения | Людмила Рублевская |
Жанр | |
Серия | Сучасная беларуская лiтаратура |
Издательство | |
Год выпуска | 2023 |
isbn | 978-985-19-7348-0 |
– Наш хлопчык прабіў шкарлупіну і з’явіўся на свет! – выцерла слязінку мама.
– Мы ўзрадаваліся, што нос у цябе дудачкай, што на лбе ліхтарык. Як у нас! – цёпла ўсміхнуўся тата.
– За той час, які ты правёў унутры яйка на Вухуціі, ты адаптаваўся пад умовы нашай планеты, – патлумачыла бабуля Мядвана. – Табе ж па-вухуцку размаўляць трэба было! Таму не толькі Зямля твая радзіма, ты ўсё ж напалову вухуцянін, унучак.
Усе змоўклі. Вухуцік асэнсоўваў пачутае, астатнія чакалі, што ён цяпер скажа.
Хлопчык задаў пытанне, якое яго вельмі хвалявала:
– Калі яйка, у якім я быў, з’явілася на Зямлі, то… там таксама мая сям’я… так?
Спадарыня Лілана ўсхвалявана расцірала скроні, спадар Жоўтах уздыхнуў.
Адказаў Вухуціку дзядуля Аспарагус:
– Твая сям’я толькі тут, дарагі наш унучак. Як я ўжо згадваў, яйка, у якім ты знаходзіўся, забралі вельмі даўно і перад вялікай разбуральнай небяспекай. За мінулы час на Зямлі ўсё змянілася. Я зусім не ўпэўнены, што там і зараз існуе твой біялагічны від. У любым выпадку твая зямная сям’я ніяк не магла б існаваць да гэтага часу. Пазачасавая капсула, як ты сам вызначыў, «паставіла цябе на паўзу», а потым твае бацькі змаглі аднавіць развіццё ўнутры яйка і часткова надаць табе асноўныя рысы вухуцяніна.
– Колькі ўсяго адразу… – уздыхнуў Вухуцік і запытаўся ў сяброўкі: – Улада, ці бачыла ты калі-небудзь на Зямлі істот, да якіх я падобны?
– Не, я б ніколі не здагадалася, што ты паходзіш з маёй планеты, – шчыра адказала дзяўчынка.
– А ты таксама з’явілася з яйка? – пацікавіўся хлопчык.
– Не, з яек у нас птушкі вылупліваюцца, – удакладніла Улада.
– Значыць, я птушка? – здзівіўся Вухуцік.
– Ну… я асаблівага падабенства з птушкай не назіраю, – паціснула плячыма дзяўчынка.
– Хачу сам пабачыць птушак, я павінен зноў пабываць на Зямлі. Можа, родзічаў знайду? – захапіўся ідэяй хлопчык.
Спадарыня Лілана выцірала слёзы, якія зноў пакаціліся з яе вачэй, спадар Жоўтах клапатліва падаў ёй сухую насовачку.
– Чаму б нашаму хлопчыку не пабываць на гістарычнай радзіме? – бадзёра сказаў дзядуля Аспарагус.
– Тым больш калі там жыве яго сяброўка. Яна аб ім паклапоціцца! – падтрымала бабуля Мядвана.
– Мамачка, тата, вы адпусціце мяне? – Вухуцік абняў бацькоў.
Было відавочна, што спадарыні Лілане вельмі хацелася пакінуць яго дома, побач з сабой, але яна шукала сілы згадзіцца. Тады спадар Жоўтах ледзь заўважна кіўнуў жонцы: «Так, давай яго адпусцім…»
– Толькі доўга не будзь, сынок, добра? – мама нават знайшла сілы ўсміхнуцца.
– Дамовіліся! Дзякую! – узрадаваўся хлопчык.
Вухуцік быў гатовы прама цяпер выправіцца ў падарожжа, але галоднымі іх, вядома, не адпусцілі. Абедалі ўсе разам, зноў напаўняючы талеркі незвычайнымі стравамі, якія падаваліся з розных кранікаў чароўнай, па меркаванні Улады, серабрыстай шарападобнай пасудзіны.