Название | Чароўная скарбніца |
---|---|
Автор произведения | Людмила Рублевская |
Жанр | |
Серия | Сучасная беларуская лiтаратура |
Издательство | |
Год выпуска | 2023 |
isbn | 978-985-19-7348-0 |
– Гэта вы яшчэ нашу рэчку не бачылі! У параўнанні з басейнам – там цэлы акіян! – усміхнулася Улада.
Вухуцік з цікавасцю разглядаў балота:
– Які колер! Мой любімы! Адчуваю, нездарма ён мне падабаецца, можа, менавіта тут і ёсць мая малая радзіма.
– А вунь і качкі, – Улада кіўнула на птушак, якія плавалі каля зарасніку чароту. – Ужо і дзеткі ў іх вылупіліся, так што яек у гнёздах больш няма.
Сапраўды, ля мамы-качкі боўталіся ў вадзе маленькія птушаняты. Яны вучыліся плаваць і ныраць.
– Якія мілыя! – любавалася Мінола.
– Пойдзем пазнаёмімся! – сказала Сінька, выскачыўшы з заплечніка.
– Чакай, упраўная! – спыніў яе Рудаш. – Напалохаеш іх і паспытаеш, наколькі моцная дзюба!
– Сапраўды, не варта спрабаваць знаёміцца ўсім хаўрусам, – падтрымала Улада. – Няхай пакуль што Вухуцік адзін паспрабуе падысці бліжэй.
Качка заўважыла цікавасць невядомых візіцёраў і падала рэзкім голасам усхваляваны сігнал. Тут жа побач апынуўся качар і, прыкрываючы сваю сям’ю, правёў яе ў зараснік чароту.
– Мы іх напалохалі, – уздыхнула Улада. – Пойдзем крыху далей, каб яны не баяліся нас.
Вухуцік, які меў цвёрды намер пазнаёміцца з качкамі, застаўся, а ўсе астатнія рушылі ўздоўж берага.
– Вой! А гэта хто?! – ад цікавасці спружынка-прычоска Сінькі яшчэ больш закруцілася і заскакала.
Усе паглядзелі туды, куды яна паказала пальцам. Па паверхні вады рухаліся невялічкія кузуркі.
– І я хачу з імі па вадзе пабегаць! – сказала Зялёнка і скочыла ў балота.
Сінька вырашыла не адставаць ад сяброўкі, таму праз імгненне яны плюхаліся ля берага, разагнаўшы напалоханых кузурак.
– Не атрымалася ў вас пабегаць! – усміхнулася Мінола.
– Нічога дзіўнага! – адзначыла Улада. – Мы можам толькі плаваць у вадзе, а вось вадамеркі, якіх разагналі іншапланетныя паненкі, здольныя хадзіць і нават скакаць па паверхні.
Міноле і Рудашу таксама захацелася пакупацца.
– Толькі далёка не заходзьце, калі ласка, будзьце асцярожнымі! – папрасіла Улада і, скінуўшы абутак, па калена зайшла ў ваду.
Вухуцяне паспрабавалі ныраць, станавіліся на рукі ў глеістае дно і, смешна вытыркаючы з вады па пяць рознакаляровых пятак, даставалі каменьчыкі. А потым заўважылі вяртлявых апалонікаў, якія віравалі побач. Гасцям тут жа захацелася пазнаёміцца з малечамі! Іншапланетнікі бухнуліся ў ваду і кінуліся даганяць хвастатых. Чацвёра вухуцян паднялі сцяну пырскаў і нарабілі столькі шуму, што, здавалася, разагналі ўсіх насельнікаў балота! Улада весялілася разам з імі, не зважаючы на сваю мокрую сукенку. І апалонікі прынялі гульню, падплывалі да дзяцей, а як толькі яны спрабавалі схапіць іх, імкліва разляталіся ў розныя бакі. Забава доўжылася, пакуль Сінька не вынырнула з дзіўным выглядам. Яна часта міргала вачыма, моршчылася і намагалася ўздыхнуць, а потым рэзка чхнула-задудзела ў свой нос, і з яго выскачыў перапалоханы апалонік. Зялёнка, пабачыўшы гэта, засмяялася з сяброўкі. Ёй было так весела, што яна плюхнулася