Название | Беларуская лiтаратура |
---|---|
Автор произведения | Уладзімір Навумовiч |
Жанр | Языкознание |
Серия | |
Издательство | Языкознание |
Год выпуска | 2013 |
isbn | 978-985-06-2271-6, 978-985-06-1950-1 |
Аповесць “Хам” Э. Ажэшкі мае цікавы і займальны, напоўнены драматызмам сюжэт. Гэта твор аб сустрэчы звычайнага вясковага рыбака – сялянскага сына – з гарадской пакаёўкай, жанчынай, якая паходзіла з заможнага асяроддзя, але на долю якой прыйшлося столькі гора, бяды, здзекаў, колькі, мажліва, мала хто перажываў у вёсцы.
Ужо сваёй назвай аповесць скіравана да лёсу простага чалавека, якога абражаюць, з кім не лічацца, навечна, здавалася б, прыклеіўшы да яго здзеклівую мянушку Хам, але які выяўляе высокія духоўныя сілы, учынкі якога хоць і выклікаюць неўразуменне ў блізкіх яму людзей, але ва ўсім характарызуюцца паслядоўнасцю, пазначаны ўпартасцю характару. Вясковы працаўнік, які ўсё жыццё лавіў рыбу ў Нёмане, праяўляе высокія духоўныя якасці. Штодзённае існаванне на ўлонні прыроды, прастор і воля рачной плыні ўжо самі па сабе не даюць аніякай падставы думаць пра грубасць і “хамскасць” яго натуры, а тым больш не дазваляюць іншым персанажам пагардліва ставіцца да чалавека працы.
Аповесць “Хам” раскрывае лепшыя рысы душы чулага і свабоднага ў сваіх дзеяннях чалавека. Вольная душой асоба ніколі не стане “хамскай”. Унутрана свабодны чалавек валодае высокімі маральна-этычнымі прынцыпамі. Талстоўскія ідэі духоўнага ўдасканалення чалавека знайшлі адлюстраванне не толькі ў тым уплыве, які зрабіла на Паўла Кабыцкага каханне да Франкі, але і ва ўсёдараванні любімай жанчыне, у настойлівым імкненні дапамагчы блізкаму чалавеку ачысціцца ад спакусы, распусты, фанабэрыі, лёгкага бесклапотнага існавання. Дабратой ратаваў Павел сваю каханую Франку ад згубы.
Выдатнай польскай пісьменніцы Э. Ажэшкі не стала ў той самы год, калі памёр Леў Талстой, “ля падножжа якога”, па вобразным выказванні літаратуразнаўцы Алеся Адамовіча, узрасталі, уздымаліся многія мастакі слова іншых краін і народаў. Л. Талстой быў адным з настаўнікаў польскай пісьменніцы, якая атрымала ў спадчыну яго вучэнне “аб паляпшэнні душы”.
Кастусь Каліноўскі. Газета “Мужыцкая праўда”
Паролем у паўстанцаў К. Каліноўскага былі словы:
– Каго любіш?
– Люблю Беларусь.
– Так узаемна.
Кастусь Каліноўскі
Кастусь Каліноўскі (1838–1864) – нацыянальны герой Беларусі. Выхадзец са старадаўняга шляхецкага роду К. Каліноўскі вучыўся ў Пецярбургскім універсітэце стаў кандыдатам права але ўсё сваё свядомае жыццё прысвяціў рэвалюцыйнаму змаганню за вольнасць беларускага народа, за свабоду і незалежнасць.