Название | Беларуская лiтаратура |
---|---|
Автор произведения | Уладзімір Навумовiч |
Жанр | Языкознание |
Серия | |
Издательство | Языкознание |
Год выпуска | 2013 |
isbn | 978-985-06-2271-6, 978-985-06-1950-1 |
З глыбінь народнага жыцця нараджаліся творы, аўтары якіх пад сваімі імёнамі, пад псеўданімамі распавядалі пра лёс і лад думак беларуса.
Адным вершам вядомы пісар Віцебскай палаты дзяржаўных маёмасцей Э. Карафа-Корбут, які запісаў у альбом свайму паплечніку А. Вярыгу-Дарэўскаму наступныя радкі (“К дудару Арцёму ад наддзвінскага мужыка”):
Грудзяй цэлай гудзі смела
На увесь мужыцкі свет, —
Што пасееш, будзе цэла;
Будзе некалі і цвет…
За ўдзел у паўстанні 1863–1864 гг. пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага Э. Карафа-Корбут быў сасланы ў Сібір.
Яшчэ больш трагічны лёс “дудара Арцёма”. Арцём Вярыга-Дарэўскі (1816–1884) быў кіраўніком атрада паўстанцаў на Віцебшчыне ў 1863 г., наладзіў кантакты з арганізацыяй “Зямля і воля”. За гэта быў сасланы ў Сібір, куды разам з ім адправілася яго дачка Габрыеля. У ссылцы, якая доўжылася больш за 20 гадоў, паэт і памёр. Захаваўся “Альбом Арцёма Вярыгі-Дарэўскага”, куды запісваліся беларускія вершы: “Бяседа над Нёманам”, “Дзіця дзвюх матак”, “Скромны ў бяседзе не страціць”, “Яшка і Цімошка” і інш.
У альбоме-альманаху пакінулі свае запісы В. Дунін-Марцінкевіч, яго дачка Каміла, А. Кіркор, згаданы ўжо Э. Карафа-Корбут, У. Сыракомля.
Адам Ганоры Карлавіч Кіркор (1818–1886) быў выдатным літаратурным крытыкам, выдаўцом, літаратуразнаўцам, фалькларыстам, публіцыстам, заснаваў у Вільні салон, вакол якога групаваліся літаратурныя сілы. Усё шырэй станавілася кола беларускіх пісьменнікаў. А. Кіркор стаў членам-карэспандэнтам Імператарскага археалагічнага таварыства, напісаў нарысы па гісторыі беларускай літаратуры ў кантэксце славянскіх літаратур – кнігу “Пра літаратуру братніх славянскіх народаў”, ён жа адзін з аўтараў “Живописной России”.
Вінцэсь Каратынскі (1831–1891) – паэт з мужыкоў, нарадзіўся ў в. Селішча Карэліцкага раёна. Працаваў хатнім настаўнікам, быў сябрам і сакратаром У. Сыракомлі. Выдаў кнігу вершаў на польскай мове “Чым хата багата, тым і рада” з відавочным беларускім каларытам і скіраванасцю да стыхіі народнага жыцця. Беларускія вершы паэта мелі выразную песенна-народную аснову. У адным з іх – пад назвай “Туга на чужой старане” – чуецца боль па роднай старонцы:
Ой, саколка, ой, галубка!
Не пытайся, не, —
Што мне тошна, мая любка,
Ў гэтай старане…
Я ж зямліцу меў радную,
Быў свабодзен сам.
Ох, ці днюю, ці начую, —
Я ўсё там ды там.
Яшчэ