Название | Нелюбімыя гінуць |
---|---|
Автор произведения | Віктар Праўдзін |
Жанр | Современные детективы |
Серия | |
Издательство | Современные детективы |
Год выпуска | 2021 |
isbn |
У той самы момант, калі яна штукавала над замком, каб выпусціць з пакоя глуханямога хлопчыка, за спінай пачулася металічнае скрыгатанне, гэта Лола падавала знак, шкрэбла металічным трохкутным напільнікам па жалезным ложку. Азірнулася і ўбачыла, як свякроў адчайна праганяе хлопчыка, махае на яго бяссільнай, неймаверна схуднелай рукой, у няветлых, глыбока запалых вачах свекрыві неспакой і пагарда. Малы, відавочна, раней трапляў у падобныя сітуацыі і даўно звыкся са сваёй неласкавай доляй, ён наперад ведаў, што павінен рабіць, каб не гнявіць гаспадынь. Хлопчык вокамгненна крутнуўся да кутка, у якім тулілася сметніца – зялёная, месцамі праржавелая да дзірак скрынка з-пад патронаў з венікам усярэдзіне, – і, ухапіўшы дрэўка, з веданнем справы, не ўздымаючы пылу, пачаў падмятаць падлогу.
Лола запытальна і злосна паглядзела на Айшэ. У адказ нявестка, ледзь стрымліваючы радасную ўсмешку, абыякава перасмыкнула плячыма і ў думках падакарала саму сябе, што не дапетрыла раней, не дадумалася пакінуць бяздомнага валацужку сабе памочнікам. Ён і па ваду збегае, і суседзяў гукне, калі ўзнікне патрэба расчысціць ад камення ўваходныя дзверы, і смецце вынесе…
– Ён будзе нам дапамагаць, – папраўляючы падушку Лолы, сказала Айшэ.
Свякроў адмоўна матлянула рукой, у куточках бяскроўных непаслухмяных вуснаў з’явіліся кропелькі пены. Цяпер гэтак было заўсёды, калі Лола хвалявалася і сілілася нешта сказаць.
– Рэнат прыслаў памочніка, – пайшла на хітрасць Айшэ, – канешне, лепш была б медычка, але ж дзе іх цяпер знайсці… Затое ён глуханямы, і завуць яго… – Айшэ азірнулася на хлопчыка і нечакана для самой сябе сказала: – Рэнат назваў яго Рыжым…
Пачуўшы пра сына, твар Лолы прасвятлеў, вусны задрыжэлі, яна заплюшчыла зліплыя вейкі і неяк адразу абмякла, супакоілася. Айшэ ўкрыла свякроў коўдрай, прытушыла газнічку. Малы скончыў падмятаць падлогу і цяпер, не выпускаючы з рукі веніка, стаяў пасярод пакоя.
– Калі хочаш, заставайся, – сказала Айшэ.
Твар хлопчыка засвяціўся радасцю, ён падсунуў венік пад паху і нешта пачаў паказваць жэстамі рук.
Айшэ, нічога не зразумеўшы, адмахнулася:
– Я мовы тваёй не разумею, дый гэта і неабавязкова, галоўнае, ты будзеш жыць тут і рабіць усё, што я скажу.
Рэнат не аб’явіўся, як абяцаў вястун, ні праз два дні, ні праз тры, ні праз месяц. За гэты час Айшэ яшчэ больш пацяжэла, раздалася ўшыркі, зрабілася нейкай санлівай і нават сама здзіўлялася запаволенай няспешнасці і свайму празмернаму жаданню ўвесь час ляжаць у ложку. Калі трэба было нешта зрабіць на падлозе ці хоць бы падняць упушчаную анучку ці насоўку і побач не было глуханямога памочніка, гэтая дзея ператваралася