Название | Нелюбімыя гінуць |
---|---|
Автор произведения | Віктар Праўдзін |
Жанр | Современные детективы |
Серия | |
Издательство | Современные детективы |
Год выпуска | 2021 |
isbn |
Доўгачаканая цішыня і адзінота не прынеслі Любе спакою і жаданага сну. Наадварот, як толькі за эканомкай бясшумна зачыніліся дзверы, журботныя, часта пакутлівыя думкі імгненна запаланілі свядомасць, напоўнілі душу і надарваным болем, і асцярожнай недаверлівай радасцю. Яны (думкі), чапляючыся адна за адну і выхопліваючы падзеі не толькі апошніх напружаных дзён, але і жыцця ранейшага, жыцця вясковага, бударажылі, няўлоўна прымушалі часцей біцца сэрца. Усё яшчэ не верылася, што яна ў Нямеччыне, што ляжыць у гэтым шыкоўным мяккім ложку і, пачынаючы з заўтрашняга дня, пачне працаваць на сябе, на сваю мару… Цяпер яна зробіць усё, каб вярнуцца дадому з грашыма, яна адкрые сваю фірму і, зрэшты, паступіць вучыцца ва ўніверсітэт, на завочнае юрыдычнае аддзяленне з эканамічным ухілам. Люба дакажа і бацьку з мачахай, і мінскай цётцы Клаве, і сяльчанам-верацейцам, і асабліва Івану, што зможа дабіцца ў жыцці большага, чым яны думалі і што прадракалі.
Перад вачыма імгненна ўзнік бацька. Чамусьці Люба заўсёды ўзгадвала яго п’янага і слязлівага. Мо таму, што грубым і злым ён мог быць толькі цвярозы, на падпітку ж заўсёды дачку шкадаваў, амаль заўсёды плакаў, у нечым сябе вінаваціў і ўсё кляўся і абяцаў… Кляўся кінуць піць гарэлку і зноў сесці за руль «МАЗа», каб зарабіць Любе на кватэру ў Мінску. Абяцаў павезці яе з мачахай адпачываць «да сіняга мора», вада якога адразу вылечыць жончыны касцяныя хваробы. Мачаха, якая піла разам з бацькам і сваё п’янства тлумачыла клопатам пра мужа, маўляў, яму менш дастанецца, гэтыя абяцанкі-цацанкі ўспрымала ўсур’ёз і гнеўна крычала:
– Ёлупень, колькі разоў казаць, што ніякага Сіняга мора няма, ёсць Чорнае, туды хачу… Толькі на каго парсюка пакінуць?
– Зацугляю і адвяду на калгасную ферму, – разважліва адказваў бацька. – Федзька-свінар за пляшку гарэлкі дагледзіць у агульным статку.
– Ха, Федзька, знайшоў, каму давяраць, – кідала ўсе свае справы жонка і з кулакамі сунулася на мужа. – Не чапай майго кабанчыка!.. Свінар – сцыкун, ён калгасных прап’е, а нашым закусіць…
Люба наперад ведала, што плануемая курортная ідылія скончыцца звадай, у якой больш за ўсё пацерпіць гадавалы парсючок, і, каб не бачыць і не чуць ідыятычнай бязглуздзіцы, паспешліва сыходзіла з хаты. Чутка, што Фроська зноў збіраецца да мора, імгненна разносілася па вёсцы. Дзятва гарохам высыпала на вуліцу і сядлала штыкетнік уздоўж дарогі, у дарослых таксама знаходзіліся справы ў панадворках. Старыя і малыя ў чаканні дармавога цырка таўкліся непадалёк ад Любінай хаты, ім карцела ў чарговы раз пачуць, а калі пашанцуе – і пабачыць, як расчырванелая дзябёлая Фроська венікам, а здаралася, што і дзяржальнам вілаў, апантана пераконвае мужыка купляць пуцёўку да Чорнага мора, а не да Сіняга. Крыкі, калатнеча і валтузня паміж жонкай і мужам скончацца тым, што яны вывалакуць з хлява худога, косці ды скура, парсючка і сілком пацягнуць яго ў другі канец вёскі да Ванькі-прадпрымальніка, які дасць паўцаны за віскатлівага перапужанага