Название | Калі цябе спаткае казка… |
---|---|
Автор произведения | Ганна Навасельцава |
Жанр | Сказки |
Серия | |
Издательство | Сказки |
Год выпуска | 2019 |
isbn | 978-985-7165-73-5 |
– Не бойся злой мачыхі! – кажаш ціхай, задумлівай.
– І ты, Івашка, не бойся! – ужо мяне супакойваеш.
– А чаму гэта я павінен чужой мачыхі баяцца? Га?! Я хоць і санлівы, але не палахлівы!
– Тады добра!
Як добра, то і няхай сабе. Па вялікіх пакоях разышліся. На мяккія ложкі паклаліся, спаць добра сабраліся. А нічога сабе, лепей адно ў маім берлагу адпачываецца. Ды толькі я вока прыплюснуў, як нешта такое прымроілася… Як быццам Баба Яга, касцяная нага, у ступе лятае, вецер памялом ганяе, да хорама срэбна-срэбранага шляху шукае. У хорам наш хоць як-небудзь патрапіць хоча!
Знайшла хуткі шлях, а яшчэ трэба ж ёй сюды ўвайсці. І так, і гэтак ладзіцца. Не выходзіць. Моцнымі чарамі ты, сцюдзёны, хатку сваю ад гасцей няпрошаных закрыў. Ды Баба Яга не з тых, хто лёгка адступіць. Слова варажбітнае прашаптала, нагою касцяною тупнула – і пайшлі дрэвы па зямлі, як жывыя. Да хорама заспяшалі, галінамі чорнымі ў сцены б’юць. Стараліся-стараліся, а не выходзіць нічога. Дык Яга са злосці зубамі жалезнымі кляцнула, учапілася тыя лядовыя сцены грызці. Пнулася-пнулася, і зноў нічога. Падумала-пахадзіла, праз сцены вачыма ўсёвідушчымі паглядзела. І мяне ўбачыла…
– Івашка! Мядзведжае вушка! – усміхнулася зубатым ротам і стала мне ў лядовым хораме неяк прахалодна. – Не спі! Замерзнеш!
А я сплю. Не магу прачнуцца. Аніяк са сну не выблытацца. І здарыцца ж прыкрая такая неспадзяванка!
– Мядзведжае вушка! – кажа Яга так ласкавенька. – Дзверы мне адчыні!
– Не адчыню!
– Адчыніш, мядзведзька, адчыніш!
– Чаму гэта ж ты мяне мядзведзем назвала?
– А таму што мядзведжы сын! А дзверы мне ўсё роўна адчыніш, нікуды не дзенешся! Беражыся…
Бразнулі дзверы ледзяныя, з таго і прачнуўся раптоўна. Расплюшчыў вочы, гляджу, аж сцюдзёны нада мною стаіць, гаворыць, як быццам выпрабоўвае:
– Не спі, Івашка!
– Замерзну?
– Пакуль у маім хораме, то не. Але хопіць ужо адпачываць, час і за справу брацца…
Ведаю ўжо, якая справа. Не хачу зусім да яе нават патыкацца! Дужа мне трэба злоснай Бабе Язе кепствы чыніць… Яна сама да нас яшчэ з’явіцца. А ты, халодны, зноў весялішся, кажаш, як чарамі шлях да дому нашага закрыеш. Нічога Яга не знойдзе! Я пра гэта памаўчу… Добра табе Бабы Ягі не баяцца. Лёгка табе пра мяне ані забыцца.
– Мачыха нас у спакоі не пакіне! Гнявіцца будзе ды помсціцца! – ціха мовіць ад марозу ратаваная.
– За што помсціцца? З чаго гнявіцца? – у яе пытаюся.
– Яна ведае, за што… – і пазірае на мяне неяк жаласліва.
– За што мяне шкадуеш? – не маўчу ў адказ.
– За тое, што мядзведжы…
Мядзведжы хто? Нешта тут не тое… Замаўчала ад колкага позірку сцюдзёнага… Цяжка даўмецца, што сказаць хацела.
А ты, халодны-сцюдзёны, цвёрда нам кажаш, каб не ўздумалі Бабе Язе шлях падказаць. А яна пра тое прасіць моцна будзе! Кепствы злоснай той і сам учыніш,