Название | На парозе раю |
---|---|
Автор произведения | Зінаіда Дудзюк |
Жанр | Современная зарубежная литература |
Серия | Сучасная проза Беларусі |
Издательство | Современная зарубежная литература |
Год выпуска | 2019 |
isbn | 978-985-581-006-4 |
«Як жа я не дадумалася пахаваць сыночка на вясковых могілках побач з яго бабуляй – маёй мамай? Яна б прыняла яго на тым свеце і даглядала б, а цяпер… – з жахам падумала яна. – Што ж, можа, я не надта зажывуся і прыйду да свайго сына, каб ніколі не разлучацца. Ніколі, ніколі…»
Знясіленая непамерным горам Юля увайшла ў свой пакой і са здзіўленнем убачыла Барыса.
– Прывітанне! Чаму ты мяне не дачакалася? – нездаволена спытаў ён. – Я прыехаў забраць цябе, а мне сказалі, што ты ўжо выпісалася і пайшла.
Юля моўчкі скінула паліто, села на канапу, заплюшчыла вочы.
– Не трэба мне дэманстраваць сваё гора! Я таксама пакутую, – злосна сказаў Барыс. – Гэта быў і мой сын!
Юля распюшчыла вочы, з нянавісцю паглядзела на Барыса і спытала:
– Што ты тут робіш?
– У якім сэнсе? – здзівіўся ён.
– У самым прамым.
– Я тут жыву на правах твайго мужа.
– Заўтра я падам на развод. А цябе прашу пакінуць мяне назаўсёды і не трапляць на вочы.
Барыс замітусіўся, збіраючы нейкія рэчы, потым выпрастаўся і сказаў:
– Калі я пайду, дык ужо назаўсёды.
– Я толькі гэтага ад цябе і чакаю.
– Я кахаў цябе.
– Я, здаецца, – таксама. Але ліміт выбраны. Усё скончылася. Можа, у цябе на русалку знойдзецца больш гэтага дэфіцытнага рэчыва.
Барыс раптам упаў на калені, схапіў Юлю за рукі, стаў іх цалаваць і казаць нешта бязладнае і бессэнсоўнае. Яна вызвалілася, з агідаю адштурхнуўшы яго, і закрычала:
– Пакінь мяне ў спакоі! Малю! Я не вытрымаю тваёй прысутнасці побач! Мне лепш легчы ў магілу з сынам, чым з табою ў адзін ложак! Ты можаш гэта зразумець?
– У цябе пасляродавы псіхоз!
– Затое ты разумны і цвярозы. Кіруйся далей сваім пачварным розумам!
– Я чалавек, а не рэч, якою ты хочаш распараджацца!
– Я? Табой? Эх, ты. Я хацела пакахаць у табе мужчыну, паважала як асобу, як чалавека. А ты толькі звычайны самец, гатовы сеяць сваё мярзотнае насенне куды заўгодна. Праходзь міма, сейбіт!
– Я табе гэтага не дарую!
Ён замахнуўся, гатовы выцяць яе. Юля выпрасталася перад ім, зрабілася быццам вышэйшаю ростам, і крыкнула.
– Забіў сына, цяпер забі і мяне, як сведку свайго паскудства!
Барыс выскачыў з пакоя, моцна грукнуўшы дзвярамі.
Юля няўпэўнена наблізілася да дзвярэй, замкнула іх, легла на канапу і апусцілася ў цяжкую дрымоту. Гэта было нешта сярэдняе паміж сном і смерцю, калі цела здатнае было пачуць кожны гук, але не магло варухнуцца, апанаванае здранцвеннем.
Некалькі месяцаў Юля праіснавала ў прыгнечаным стане, нішто не цікавіла яе. Калегі, спачуваючы яе бядзе, не надта даймалі прэтэнзіямі, ды і наўрад ці яна магда б зразумець і заўважыць іхнюю незадаволенасць ці прыязнасць. Душа апусцілася ў багну цяжкой дрымоты, каб не адчуваць востры боль