Название | Ліст, знойдзены на папялішчы (зборнік) |
---|---|
Автор произведения | Макс Шчур |
Жанр | Современная зарубежная литература |
Серия | |
Издательство | Современная зарубежная литература |
Год выпуска | 2003 |
isbn | 978-83-927771-1-3 |
Урачыста дэклярую, што ў гэтых аповедах я ня ставіў перад сабой ніякіх асабліва «мастацкіх» мэтаў (адсылаю тых, хто «ня верыць мне на слова», да перадапошняга абзацу). Гэта відаць у тым ліку паводле таго, што сюжэт у балыныні зь іх выконвае чыста ўздапаможную функцыю: ня варта ўспрымаць яго залішне «сур'ёзна». У некаторых ён падсьвядома ці нават сьвядома запазычаны ў кагосьці іншага (Борхэс, яшчэ да Джона Барта, меў рацыю, што асноўных сюжэтаў, як і мэтафараў, ня так шмат); у некаторых ён быў бы практычна непатрэбны, калі б ня мой інстынктыўны недавер да залежнага ад сюжэтнага «глютамату натрыя» сучаснага чытача. Раней, да «заўчаснага» й «небалючага» скону «вялікіх нарратываў», у сюжэце ўтрымлівалася прынамсі нейкая «мараль» – але ж, кажучы словамі Штырнэра, «для таго, каб цікавіцца маральным канфліктам у трагедыі нораваў, трэба маральна думаць і адчуваць», а постмадэрновы чытач, прызнаймася шчыра, у вялікай ступені гэтую здольнасьць страціў. Таму сёньня, калі не памыляюся, нават самы распрацаваны сюжэт (чым «вастрэйшы», тым лепшы) у бальшыні выпадкаў выконвае ролю згаданай харчовай, цэнавай, дзіцячай да- над- ці за- баўкі, патрэбнае падкрэсьліць. Я асабіста з задавальненьнем замяніў бы яго нейкай іншай, больш натуральнай структурай (з дазволу сказаць, прамяняў бы «мэлёдыю» на «сэрыйную тэхніку»), але не ўва ўсіх выпадках гэта было магчыма – дый якая карысьць была б мне асабіста ад падобнай «прынцыповай» пасьлядоўнасьці й самаабмежаваньня?
Любая проза адлюстроўвае аўтарава існаваньне між двума полюсамі: фікцыяй, асалодай прыдумкі дзеля прыдумкі (так бы мовіць, суб'ектыўнай магіяй) і плыньню звычайнага жыцьця, у якім без сумневу ёсьць штосьці містычнае, аб'ектыўнай магіяй неперарыўнай штодзённасьці. Абодва полюсы прыцягваюць мяне, бадай, аднолькава й папераменна, часьцяком (што самае пакутлівае) адначасова – з ураўнаважанасьці гэтых двух пачаткаў (гармоніі ці сынтэзу, калі ўжываць традыцыйныя клішэ), павінна ўзьнікаць тое, што называюць мастацтвам. На маю думку, з гэтага гледзішча толькі адзін празаічны жанр здольны яшчэ прэтэндаваць на званьне мастацкага – раман. Але ж і яго, па-мойму, нельга лічыць «чыстым» мастацтвам (тады стварэньне раману было б папросту залішне танным і ня вартым такіх высілкаў заняткам), таму што раман па вызначэньні ёсьць (ці, прынамсі, імкнецца быць – а ён ня можа да гэтага не імкнуцца, калі толькі гэта сапраўдны раман) чымсьці большым ня тое што за мастацтва, а, я б сказаў нават за жыцьцё – гэта папросту нейкі апрычоны сьвет, які стаіць убаку (або несупынна дрэйфуе ўбок?) ад нашай тэорыі і практыкі.
Але, як бы там ні было, і падобная ўраўнаважанасьць, балянсаваньне над безданьню між двума полюсамі, рана ці позна стамляе. Я пытаюся ў сябе, да якой ступені мастацкасьць у прозе (умоўна кажучы, пасьля Музіля) наагул магчымая (я маю на ўвазе не тэхнічна, а, так бы мовіць, «тэарэтычна»), і ці вартае памкненьне дасягнуць гэтай «мастацкасьці» любым коштам атрыманага ў выніку прысмаку неаўтэнтычнасьц й штучнасьці, выкалькуляванасьці твору (калі толькі пісаць не для крытыкаў якія, за рэдкімі выключэньнямі, такога гонару ня вартыя)?
Такім чынам, гэтая кніга – вынік пэўнай стомленасьці ад літаратуры, ад змаганьня зь ёю ці «за» яе, свайго кшталту капітуляцыяй: як мінімум, пацьверджаньнем вядомага тэзісу, што «ўсё вартае ўжо было створана» – нездарма значную ейную частку складаюць літаратурныя пародыі, выраз пашаны й зайздрасьці да маіх улюбёных аўтараў мінулага стагодзьдзя, імёны якіх залішне вядомыя, каб іх называць. Ня буду аспрэчваць гэты дыягназ, пагатоў што бальшыня вядомай мне сучаснай (ня толькі айчыннай) прозы здаецца мне самому такім пацьверджаньнем. Адзначу толькі, што, на маю думку, усім любімым мною пісьменьнікам далёкай і блізкай мінуўшчыны ў той ці іншай ступені ўласьцівае памкненьне да пераадоленьня традыцыйнага разуменьня прозы як «высокага мастацтва» – гэтаксама як і да пераадоленьня ўкасьцянелай «высокай культуры», што ў наш час хаваецца пад ня менш укасьцянелымі структурамі культурнай індустрыі. 3 гэтага гледзішча, мне здаецца, хутчэй чым прафэсійным абавязкам ці нейкім іншым, ня меней катэгарычным «маральным» імпэратывам, пісьмо мусіць быць для самога аўтара перадусім забавай (хай сабе й не самамэтнай): перафразуючы Бэньяміна, «аўтар, які ня цешыць сябе, у выніку ня цешыць нікога».
Натуральна, чытачу адразу прымроіцца ўва ўсім вышэйсказаным «прывід алібізму», і ў чымсьці, прызнаюся, так яно і ёсьць – «ня вінаватая я», што перад тым, як аддацца пісьму, сучасны аўтар вымушаны бясконца даказваць сабе і іншым, што мае на гэта нейкае права. Задаволіць у пэўнай меры негалоснае «патрабаваньне мастацкасьці» лічыцца (усё яшчэ, нягледзячы на «Нулявую ступень рукапісу» яшчэ аднаго Барта) «правілам добрага тону»: за «сьмерцю вялікіх наратываў» была неяк не заўважаная клінічная сьмерць «вялікіх дэскрыптываў», як і пакрыёмы пераход эстэтыкі ў анэстэтыку… Дык вось, ніякага права на вашую ўвагу я насамрэч ня маю і не патрабую: я хацеў толькі папярэдзіць, што менавіта датрыманьня падобных правілаў «добрага