Название | Завяршыць гештальт |
---|---|
Автор произведения | Макс Шчур |
Жанр | Современная зарубежная литература |
Серия | |
Издательство | Современная зарубежная литература |
Год выпуска | 2015 |
isbn | 978-617-692-306-0 |
5
Нягледзячы на рэзкую перамену свайго жыцьцёвага стылю й на сам ляйтматыў гэтага аповеду, я па-ранейшаму лічу, што другая паводле занудзтва катэгорыя людзей – гэта тыя, хто любіць размаўляць на другую паводле занудзтва тэму, «Падарожжы». (Першае месца ў маім прыватным рэйтынгу занудных тэмаў належыць гутаркам пра мовы, трэцяе – абмеркаваньню галівудзкіх фільмаў.) Іхныя маналёгі складаюцца зь віртуознага жангляваньня замежнай тапанімікай, бухгальтарскага ўліку коштаў, выдаткаў і прыбыткаў, усё гэта разбаўленае ў лепшым выпадку досыць нясьмешнымі анэкдотамі з турыстычнага жыцьця, над якімі яны самі спрабуюць рагатаць да зьнямогі, не раўнаючы благія комікі, што імкнуцца заразіць аўдыторыю ня столькі сваім гумарам, колькі гуморам. Найгоршы варыянт – гэта калі такіх заўзятых занудаў два боты пара, і яны да ўсяго яшчэ й вандруюць дуэтам, страхуючы адзін аднаго як альпіністы; у такім разе іхныя аповеды разьвіваюцца паводле формулы «А памятаеш, як у… мы (набухаліся, заблукалі, сустрэлі, натрапілі, аблажаліся й г. д.)?» «Так, во было сьмеху!» (Гігігі.) Тады (як, напрыклад, цяпер) задняе сядзеньне машыны ператвараецца ў маіх вачах у сямейную канапу пасярод гасьцёўні, не хапае яшчэ толькі альбому з фатаздымкамі. Як жа, памойму, бракуе сёньня людзей кшталту Рэмона Русэля, які ў свой час аб’ехаў цэлы сьвет і не пабачыў у ім папросту ні халеры! – бо не выходзіў з свайго гермэтычнага фургону. Сумняюся, аднак, што мае спадарожнікі ведаюць, хто гэта такі.
Пачуўшы «Галяндыя», хлопец-гіпстэр па-змоўніцку падміргвае мне ў люстэрку задняга бачаньня: малаток, маўляў, усё ясна, яны зь дзяўчынай самі вялікія аматары травы. Ды не аматар я ніякай травы, я нават бухаць год таму кінуў (чакайце! а ці ня ў гэтым сапраўдная прычына таго, што мяне звольнілі? з фармулёўкай «пачаў цурацца вечаровых тым-білдынгаў»?), гэтая іхная трава мяне ўжо аднойчы, фактычна, да эміграцыі давяла – але ж гэтага я ім казаць ня буду, таму толькі крыва ўсьміхаюся ў адказ, робячы выгляд знаўцы з шматгадовым стажам – настолькі шматгадовым,