Название | Завяршыць гештальт |
---|---|
Автор произведения | Макс Шчур |
Жанр | Современная зарубежная литература |
Серия | |
Издательство | Современная зарубежная литература |
Год выпуска | 2015 |
isbn | 978-617-692-306-0 |
– Вы курыце дома?
– Толькі ў адным пакоі, – а гэта ўжо не хлусьня: ён у мяне адзін, затое вялікі.
– Пра курэньне ў вашай абвестцы не напісана, – ушчувае мяне госьця.
– Гэта я наўмысна, – зноў спрабую я пажартаваць. – Іначай да мяне ніхто б не паехаў.
Аднак дама кажа мне без усякіх сьмешак:
– Калі ласка, у нашым доме не курыце. Можаце курыць на дварэ ці ў дворыку, толькі ня дома.
– Што вы, ні ў якім разе. То бок ні ў якім разе дома. Вось тут у мяне купальня з прыбіральняй…
– Разам?
– Тут так паўсюль, што зробіш… Я таксама ня мог прывыкнуць. Але цяпер лічу, што так зручна. Вось у гэтай частцы гасьцёўні – кухня…
– Так, яе мы на фатаздымку бачылі. Яна нас цалкам задавальняе.
– Мяне таксама. Заўважце, як новая! – я ёю наўмысна нячаста карыстаюся…
– У вас няма мыйнай машыны?
– Пральнай? Ёсьць…
– Не, для посуду.
– Ды колькі таго посуду… Ён дарэчы вось тут. Я ем збольшага на канапе, але вы можаце ўжываць пісьмовы стол… кажа: Мужчына ўрэшце не вытрымлівае і ўподсьмех.
– Не пераймайцеся, мы пастараемся больш хадзіць па рэстарацыях. Файная ў вас кватэра, утульная – для двух старых сама тое.
– Ну што вы, старых… – думаю, як яшчэ лепей зрабіць ім камплімэнт, але пастанаўляю, што хопіць і гэтага. – Можа, вам якой гарбаткі ці кавы з дарогі?
– Мне кавы, калі можна, – адказвае жонка.
– А я гарбаты вып’ю, – падтрымлівае прапанову мужчына. Для мяне гэта выдатная нагода заняць рукі й паказаць, якая я ахайная сам-сабе-гаспадыня. Я яшчэ ня ведаю, што мяне чакае наперадзе. Але пакурыць мне карціць ужо зараз.
Сядаем за стол, я раздаю на траіх пітво й пячэньне.
– Як даляцелі? – пачынаю з абавязковага.
– А што тут ляцець, – махае рукой мужчына з гераічнай абыякавасьцю маёра Гагарына. – Вы ж таксама да нас самалётам?
Бяз гэтага пытаньня, вядома, нельга. Адказваю шчыра:
– Я б пайшоў пешкі, але адпачынак кароткі – таму машынай.
Пара насьцярожваецца. Ня можа зразумець, чаму я ўвесь час гэтак дзіўна жартую. Ну сказаў бы, што баюся лётаць самалётам, усе б зразумелі. Але ж пешкі? Хіба гэта сьмешна?
– У вас ёсьць машына?
– Няма. – Вырачаныя вочы. – Я паеду… стопам. Канец, я цалкам сапсаваў сваю рэпутацыю. Чалавек, які езьдзіць стопам у сорак гадоў? Як гэта называецца? Слушна: лузер.
Я спрабую выправіць памылку:
– То бок таксі…
І адразу ж усьведамляю, што гэта гучыць яшчэ больш абсурдна, чым «пешкі» ці «стопам». Асабліва з улікам таго, колькі ім каштаваў прыезд зь лётнішча. Галяндцы настолькі зьбітыя з тропу, што пастанаўляюць прыпісаць хаос у маёй галаве майму няведаньню ангельскай. Урэшце, якая ім розьніца.
– Значыць,