Название | На заснежаны востраў |
---|---|
Автор произведения | Анка Упала |
Жанр | Современная зарубежная литература |
Серия | Электронная кнігарня |
Издательство | Современная зарубежная литература |
Год выпуска | 2017 |
isbn | 978-985-7165-513 |
Фіруз саромеецца свайго імя і хацеў бы яго змяніць.
– А якое ты хацеў бы імя? – пытаецца Эвеліна. – Мне тваё падабаецца!
Фіруз не кажа якое. Мне чамусьці здаецца, што вытанчанаму Фірузу пасавала б французскае імя. Але мяркую, ён хоча шведскае.
Я спытала ў Эвеліны, як доўга ў яе былі цяжкасці з гаварэннем па-шведску і разуменнем мовы. Яна адказала: “Першыя тры гады”, – і дадала, што дагэтуль кепска разумее гаворку шведскіх адналетак, перасыпаную слэнгам, з якой і я, вядома, не даю рады. Відаць, я яшчэ няблага трымаюся, з улікам таго, што досведу гаварэння не маю амаль ніякага.
6
Стаіць пагода, адно што ля вады гуляе моцны вецер. Паводле прагнозу надвор’я – плюс дваццаць тры градусы, але на сонцы адчуваецца ўсе дваццаць восем. Сонца такое яркае, што стамляюцца вочы.
У пажонднай кампаніі дзвюх дзікіх качак на прычале насупраць школы я, што апантаная, вучу па тэлефонным дадатку новыя словы, бо адчуваю моцную патрэбу як найхутчэй перайсці ў шведскай мове з дурніц у разумніцы.
Усе дні, што я тут, бераг быў даволі бязлюдны, а тут раптам заўважаю – ідзе пара гадоў сямідзесяці. Відаць, выйшлі з адной з віл перад школай. Ён – у белым купальным халаце. Я пазіраю на іх і вітаюся, бо, прынамсі, у школе прынята вітацца. Але мужчына з падазрэннем свідруе мяне позіркам. Прычал шырокі, я сяджу на ім злева, а тыя людзі моўчкі кіруюцца направа, туды, дзе стаяць два сталы з лавамі. Тым не менш сходы ў ваду – з майго боку. Дзявацца няма куды, распрануўшыся воддаль, у ваду яны спускаюцца каля мяне.
Нічога мне не вымаўлялі, але я не ведала, куды падзецца ад няёмкасці. Тут паўсюль на прычалах напісана “прыватны”, але на гэтым я прачытала слова, якое значыць “агульны”. Мацільда, у якой я пыталася пра гэты подпіс, сказала, што там можна сядзець, калі так напісана, але я ўсё адно не была ўпэўненая. І не дарэмна. Перад сыходам паглядзела на шыльду – там яшчэ напісанае слова “ej”, якога я не ведала. Гляджу ў слоўніку – гэта адзін з варыянтаў адмоўнай часціцы. Значыцца, на шыльдзе напісана “Не агульны”.
Яблычны горад – мястэчка, дзе ў маляўнічых вілах з прыгожымі садамі і прысядзібнымі дзялянкамі збольшага жывуць заможныя людзі сталага веку. Апроч нашай “народнай школы” для дарослых, ёсць яшчэ крутая гімназія з інтэрнатам. Дзеці з гімназіі носяць уніформу і маюць рэкламны выгляд, учора міма мяне праехаў на ровары хлопчык у беласнежнай кашульцы і шлеме. Шведскі школьнік, як з карцінкі.
У абедзвюх школах вучацца не толькі мясцовыя, але і замежнікі рознага паходжання. У нашай школе іх асабліва шмат, і я не ведаю, наколькі гараджанам гэта даспадобы. Нядаўна я не магла знайсці ў краме цукар і, паколькі нікога з супрацоўнікаў паблізу не было, доўга не думаючы, спытала, ці не ведаюць яны, дзе звычайна цукар, у пажылой спадарыні і спадара, якім надарылася стаяць побач. У Мінску так спытацца – звычайная справа. Але па твары