Название | Нататкі пра Шэрлака Холмса (зборнік) |
---|---|
Автор произведения | Артур Конан Дойл |
Жанр | Классические детективы |
Серия | Бібліятэка часопіса “ПрайдзіСвет” “PostScriptum” |
Издательство | Классические детективы |
Год выпуска | 0 |
isbn | 978-985-7119-99-8 |
Ну і з таго часу Сара ўзненавідзела мяне ўсім сэрцам і душой, а яна з тых, хто ненавідзець умее. Я дурань быў, што дазволіў ёй з намі застацца, п’яны дурань, але ні слоўца Мэры не сказаў – я ж ведаў, што гараваць будзе. Спачатку ўсё ішло як звычайна, але неўзабаве я заўважыў, што Мэры змянілася. Яна заўжды была даверлівай і нявіннай, а тут нейкай дзіўнай зрабілася, падазронай – увесь час распытвала, дзе я быў, што рабіў, ад каго мне лісты прыходзяць, што ў мяне ў кішэнях і яшчэ безліч дурасцяў. Дзень пры дні гэтыя яе дзівацтвы і раздражнёнасць толькі раслі, і мы пастаянна без усялякай прычыны сварыліся. Я тады так заблытаўся ва ўсім гэтым. Сара мяне пазбягала, але з Мэры яны былі неразлучныя. Цяпер я разумею, што яна пляла інтрыгі, атручваючы розум маёй жонцы і настройваючы яе супраць мяне, але тады я быў сляпым аслом і не бачыў ну анічога. Ну, потым я сарваўся і зноў пачаў піць, толькі вось думаю, што ніколі б гэтага не было, калі б Мэры не змянілася, а так у яе з’явіліся падставы гідзіцца мяне, і прорва паміж намі ўсё шырэла. А потым намаляваўся гэты Алек Фэйрберн, і ўсё тысячакроць пагоршала.
Спачатку ён нібыта да Сары хадзіў, а потым неяк так сталася, што і да нас, бо быў ён хлопец прыемны і лёгка заводзіў сяброў усюды. Франтаваты такі зух, кемлівы, кучаравы, які паўсвету аб’ездзіў і мог цікава пра гэта расказаць. З ім было добра ў кампаніі, не спрачаюся, ды і надзіва далікатны і ветлівы быў для матроса: бачна, што некалі ён больш часу праводзіў на паўюце, чым у кубрыку. Месяц ён хадзіў да мяне дадому, і ні разу мне не прыйшло ў галаву, што гэтыя яго мяккасць і абыходлівасць давядуць да бяды. Урэшце аднойчы ўва мне нарадзілася падазрэнне, і з таго часу жыццё маё паляцела к чорту.
Гэта проста дробязь была. Я зайшоў у гасцёўню без папярэджання і, пераступаючы праз парог, убачыў на жончыным твары радасць. Але калі яна ўбачыла, хто ідзе, то ўся звяла і адвярнулася з расчараваным выглядам. Ну і мне хапіла. Мае крокі яна магла зблытаць толькі з хадою Алека Фэйрберна. Калі б ён тады быў побач, я б яго забіў, я ж як вар’ят раблюся, калі страчваю вытрымку. Мэры ўбачыла д’ябальскія іскрынкі ў маіх вачах, падбегла да мяне і схапіла за рукаў. «Не трэба, Джым, не!» – закрычала. «Дзе Сара?» – пытаюся. – «На кухні». Іду туды і кажу: «Сара, каб нагі гэтага Фэйрберна ў маім доме больш не было». – «Гэта чаму?» – пытае ў адказ. «Таму што я так хачу». – «О, – кажа, – калі мае сябры недастаткова добрыя для гэтага дому, тады і