У кнігу ўвайшла аповесць Артура Конана Дойла «Знак чатырох» (1890). Гэтая аповесць адкрывае дэтэктыўны цыкл пра любімых чытачамі з усяго свету Шэрлака Холмса і яго памочніка доктара Ўотсана і дае хай і трохі супярэчлівыя, але пазнавальныя характарыстыкі герояў. Твор выходзіць па-беларуску ўпершыню.
У зборнік Эдгара По «Маска Чырвонае Смерці» ўключаныя не толькі шырока вядомыя дэтэктывы – адны з першых узораў гэтага жанру ў сусветнай літаратуры – і жахлівыя апавяданні («арабескі»), але і значна менш вядомыя гратэскі пісьменніка – творы, што паказваюць «бацьку дэтэктыву» зусім з іншага, іранічнага, боку, а таксама вершы і два самыя вядомыя эсэ Эдгара По – «Паэтычны прынцып» і «Філасофія кампазіцыі». У другое выданне ўвайшлі чатыры новыя пераклады апавяданняў Э. По: «Метцэнгерштэйн», «Востраў феі», «Скрадзены ліст» і «Ты – той чалавек!». Другое выданне, папраўленае і дапоўненае.
Кніга апроч уласна п’есы змяшчае прадмову ад перакладчыцы, стылістычна блізкія да яе вершы прозай Оскара Ўайлда, артыкул сябра і паверніка пісьменніка, мастацтвазнаўцы Роберта Роса, які разабраў усе акалічнасці выхаду ў свет “Саламеі” і абверг звязаныя з ёй міфы, а таксама каментары і бібліяграфію ранейшых перакладаў з Оскара Ўайлда на беларускую мову. Змешчаныя ў кнізе і самыя знакамітыя ілюстрацыі да п’есы, выкананыя яшчэ адным творцам з кола Оскара Ўайлда – Обры Бёрдслі.
«Прыгоды Шэрлака Холмса» – першы зборнік апавяданняў пра знакамітага дэтэктыва, надрукаваны ў 1892 годзе, пасля аповесцяў «Эцюд у пунсовым» (1887) і «Знак чатырох» (1890). Зборнік улучае 12 апавяданняў, сярод якіх шмат добра вядомых і пазнавальных твораў, напрыклад, «Скандал у Багеміі» ці «Стракатая стужка», што неаднаразова экранізаваліся і пераасэнсоўваліся. Нягледзячы на тое, што далёка не ва ўсіх гэтых апавяданнях расследуецца сапраўднае злачынства, зборнік даўно ўвайшоў у залаты фонд дэтэктыўнай літаратуры і адыграў вялікую ролю ў станаўленні жанру.
«Нататкі пра Шэрлака Холмса» – зборнік з дванаццаці апавяданняў пра ангельскага дэтэктыва, другі пасля «Прыгодаў Шэрлака Холмса». Паводле задумы Дойла, надрукаваныя ў 1894 годзе «Нататкі» мусілі завяршаць цыкл твораў пра Шэрлака Холмса – так з’явілася апавяданне «Апошняя справа Холмса». Аднак чытачы не дазволілі аўтару забіць героя, а таму гісторыя з прафесарам Марыярці – апошняя ў гэтым зборніку, але ніяк не ў цыкле.
Говард Філіпс Лаўкрафт (1890–1937) – амерыканскі пісьмен нік, аўтар твораў у жанрах жахаў, містыкі і фэнтэзі, якія пасля яго смерці зрабіліся культавымі і істотна паўплывалі на сучасную літаратуру жахаў. Творчасць Лаўкрафта настолькі ўнікальная, што даследчыкі выдзяляюць асобны паджанр – лаўкрафтаўскія жахі. У кнігу ўключаныя такія знакамітыя апавяданні аўтара, як «Кліч Ктулху» (які лёг у аснову «міфаў Ктулху»), «Пацукі ў сценах», «Стоены жах», «Ганчак», «Герберт Ўэст, рэаніматар» і многія іншыя творы з розных перыядаў творчасці.