Ночы на Плябанскіх млынах (зборнік). Людміла Рублеўская

Читать онлайн.
Название Ночы на Плябанскіх млынах (зборнік)
Автор произведения Людміла Рублеўская
Жанр Современная зарубежная литература
Серия
Издательство Современная зарубежная литература
Год выпуска 2015
isbn 978-985-02-1428-7



Скачать книгу

журфаку. Юрасёва абыякавасць да маёй улюбёнай прафесіі злавала яшчэ больш, чым ягоная звычка паўсюль насіць з сабой уключаны дыктафон, з якога чуліся хрыпатыя спевы Шалкевіча або лірычныя трэлі Данчыка. «Мне чужых краёў не трэба…» Яшчэ на лбе сабе зрабіў бы татуіроўку: «І love Belarus». Легкадумны ёлуп! Не хачу мець з ім нічога агульнага! Сяброўка ўгаварыла мяне «згубіць» пашпарт. Я заплаціла штраф і атрымала новенькі дакумент, без аніякае згадкі пра «памылку жыцця». Мяне паслалі на год на стажыроўку ў Польшчу, потым я выйграла ў конкурсе на лепшы краязнаўчы рэпартаж і патрапіла на два месяцы ў Германію… А па вяртанні мяне запрасілі ў прэстыжную газету. Карацей, удалая творчая кар’ера дапамагла забыцца на ўсе колішнія захапленні.

      А цяпер я спрабую забыцца на ўдалую творчую кар’еру.

      Як добра, што няма пакупнікоў… Залы амаль пустыя. Вядома, выручкі не будзе. Затое можна яшчэ падрамаць. Толькі б зноў жахі сярэднявечныя не прымроіліся.

      – І шмат ты, даражэнькая, такім чынам нагандлявала? – голас Кацярыны Пятроўны, гаспадыні маёй «гандлёвай кропкі», дрыжэў ад праведнага гневу. Я ўсхапілася.

      – Ды пакуль нічога…

      – Не дзіўна, – Кацярына Пятроўна, падцягнутая брунетка ў белым джынсавым касцюме ў ружовыя кветачкі, маладзейшая за мяне на два гады, агледзела прылавак. – А чаму не выклала «Энцыклапедыю эзатэрычных сімвалаў»? Яе добра купляюць.

      Я зірнула на кнігі і схаладнела. Шыкоўнае выданне знікла. Няўжо кабета ў жоўтым пінжаку пастаралася?..

      Гаспадыня, відаць, заўважыла мае хваляванні і дзелавым тонам спытала-сцвердзіла:

      – Скралі?

      – Не ведаю…

      – Затое я ведаю, што ты працуеш у мяне апошні дзень.

      Дома я заварыла гарбаты з шыпшыны. Гарбата з адмысловых пакецікаў з выявай ружовай кветкі на цэтліках атрымлівалася бляклай, як дым, і нясмачнай. Але за словам «шыпшына» ў мяне ўзнікала столькі прыемнага, хвалюючага, значнага, што я не збіралася пераходзіць на іншыя напоі. Цяпер можна было сесці ў мой улюбёны фатэль, падкурчыўшы ногі, і ўявіць, быццам нічога, акрамя гэтага фатэлю, кубка з гарбатай і рэпрадукцыяў старажытных гравюраў на сценах у свеце не існуе.

      На адной з гравюраў быў увасоблены тыповы для XV стагоддзя матыў – з вакна вежы высунуўся шкілет, у адной руцэ яго – каса, у другой – вагі. І маладая вядзьмарка з валасамі, распушчанымі па ветры, ляціць у начным небе, пад поўняй, чый круглы твар падзелены на дзве паловы – цёмную і светлую…. Дарэчы, трэба зняць гэтую карціну – з-за яе, відавочна, мае жахлівыя сны. Павешу Рэнуара і буду сніць парыжскія кавярні.

      І жыццё трэба змяніць таксама. Правільна маці гаворыць – нельга жыць у ракавінцы, калі ты не смоўж. Кажуць, характар чалавека выяўляецца толькі ў экстрэмальных сітуацыях. Вось у вас падае з рук кубак з гарбатай. Адны яго маланкава падхопяць, няхай і абальюцца пры гэтым, другія знерухомеюць на імгненне, дазваляючы кубку разбіцца, а некаторыя – адразу ж адскочаць убок, як ад гадзюкі.