Ночы на Плябанскіх млынах (зборнік). Людміла Рублеўская

Читать онлайн.
Название Ночы на Плябанскіх млынах (зборнік)
Автор произведения Людміла Рублеўская
Жанр Современная зарубежная литература
Серия
Издательство Современная зарубежная литература
Год выпуска 2015
isbn 978-985-02-1428-7



Скачать книгу

Караткевіча, маці мая выкладала беларускую літаратуру і як найвялікшыя рэліквіі збірала кнігі з аўтографамі беларускіх паэтаў… Таму калі на лекцыях выкладчык пачынаў расказваць, напрыклад, пра гераічнае змаганне беларускага народа з Напалеонам, Юрась гучна згадваў пра Радзівілаў, якія былі на баку французаў, а з другога кута аўдыторыі я задавала сваё пытанне пра вызвольны полк Княства Літоўскага, які французы набіралі на нашых землях. Выкладчык нерваваўся, а мы лічылі сябе ледзь не інсургентамі.

      На другім курсе паслалі нас «на бульбу». І неяк вечарам Юрась павёў мяне на ўскраіну вёскі – з кім яшчэ мог падзяліцца адкрытым цудам? Над зарасцямі шыпшыны ўздымаўся чорна-сівы ад часу слуп, наверсе якога, нібы старажытны трохкутны капялюш, красаваўся разьбяны дах. Ніжэй мацавалася круглая рама з раслінным узорам – птушачкі на галінках, драўляныя ружы – нібы вянок. Майстар дзівосны… Нават счарнелая, патрэсканая разьба ўражвала.

      – Гэта аброчны крыж! – усхвалявана распавядаў Юры. – Тут калісьці праходзіла дарога… На крыж навязвалі рушнікі, каб шлях быў лёгкі. Папярочную перакладзіну адламалі… Бачыш, тут яна мацавалася. І распяцце садралі, варвары… Толькі абрамленне засталося. А гэта ж сямнаццатае стагоддзе, не пазней!

      Юрась гладзіў, нібыта жывое, счарнелае дрэва.

      – Аднавіць можна! Якая прыгажосць!

      Я таксама дакранулася да слупа – яго паверхня была цёплай і шурпатай, нібы спрацаваная даланя…

      Юрась паклаў сваю руку на маю… На небе запаліліся першыя зоры…

      – А яны цалуюцца ў кустах, смаркачы!

      Выкладчыца рускай літаратуры, нашая «бульбяная куратарка», захлыналася ад абурэння.

      – Ганна! Я думала, ты сціплая прыстойная дзяўчына! А ты – распусніца! Косы, бач, запляла, а сама…

      Словы ляцелі ў мяне, нібы камякі бруду і, здавалася, пакідалі відочныя сляды. Ды яшчэ тут, каля старажытнага крыжа, на які малілася столькі пакаленняў вандроўнікаў! Я залілася слязьмі ад знявагі. І тады Юрась цвёрда прамовіў, што я – ягоная жонка, і ён нікому не дазволіць мяне абражаць. Пазней аказалася, што гэта былі не проста словы, а план помсты і ўратавання майго гонару. Як Юрасю ўдалося ўгаварыць мяне на авантуру – мусіць, я была надта знерваваная…. Але я аддала яму свой пашпарт. Назаўтра Юрась пайшоў у сельсавет, не ведаю, у колькі яму гэта абышлося, але… нас распісалі. Увечары мой нечаканы муж з’явіўся да выкладчыцы з нашымі пашпартамі, у якіх стаялі новенькія штампы. Дзеля словаў прабачэння, якія мая крыўдзіцелька, высахлая да свісту старая дзеўка, выціснула з сябе, варта было згаджацца на гульню ў нявесту…

      Але гульня зацягвалася. Нас чакала вяртанне ў горад, вучоба, гаворка з бацькамі… Напачатку гэта было нават весела – бацькі Юрася, «пераварыўшы» навіну, перасялілі да сябе ягоную бабулю, і мы апынуліся ў ейнай кватэры. Як я пасля зразумела, сваякі майго мужа былі пэўныя, што гэткі маланкавы шлюб мог адбыцца толькі з прычыны цяжарнасці нявесты. Сваёй маці я нават не стала нічога паведамляць – абавязкова захацела б зладзіць