Название | Завеі, снежань |
---|---|
Автор произведения | Іван Мележ |
Жанр | Литература 20 века |
Серия | |
Издательство | Литература 20 века |
Год выпуска | 1976 |
isbn | 978-985-02-0190-4 |
– Знаю, – сказала яна, зноў нібы ўсміхнуўшыся. – А і табе знаць бы трэба! Калі за гуж узяўся.
Ён толькі ўзлавана зіркнуў. Хаваючы злосць, падышоў да стала, зноў разгарнуў сшытак, стаў разглядаць.
– Ты ето, можа, прыйшоў, кеб указанне Парасцы даць, як вучыць?
– А што ж, думаеш, не магу? – Ён зноў гаварыў паблажліва: – Маю право на ето!
– То-то я і гляджу: прыйшоў важны! Прыбраўся! – Хацела стрымацца і не магла, дадала кпліва і сур'ёзна: – Е ўжэ ў яе, каму ўказваць!
– Мало хто е…
– Не мало і не багато. Адзін.
Міканор момант вагаўся. Зірнуў з асцярогай.
– Хто ето?
– Ён. Знаеш…
Міканор спахмурнеў. Знае. Невясёлы, ссутулены, доўга маўчаў. Лістаў, не бачачы, сшыткі. Нарэшце схамянуўся, устаў.
– Трэба ехаць. – Пастараўся ўсміхнуцца. – Есці хочацца. А зямлячкі не частуюць… Бацьку, можа, што перадаць?
– Буў тут сам.
Падаў здаровую, абыякавую руку. Ужо без смеху, шчыра яна папрасіла:
– Прыязджай. Хоць – па дарозе…
– Будзе час – заеду…
Яна потым пашкадавала: нашто растрывожыла яго? Але адразу ж запярэчыла сабе: няхай не дзярэ галаву вельмі! І попусту няхай не цешыцца!..
Раздзел другі
1
Наступным вечарам неспадзеўкі прынесла Дубадзела. Дужы, жылаваты, у шынялі і ў ваеннай шапцы, крывароты, адразу заўважыла Ганна, трымаўся неяк нязвыкла лісліва і разам афіцыйна, і гэта зацікавіла яе. Ён неахвотна прысеў на крэсла, калі Параска, таксама цікаўна зірнуўшы на яго, запрасіла сесці, мякка сказаў, што сядзець асабліва няма калі – справы. Пра гэта гаварыў, здавалася, не толькі ўвесь яго выгляд, але і палатняны партфель, які Дубадзел трымаў на каленях і па якім неспакойна бегалі яго пальцы.
– Ну, не ўвесь час справамі аднымі займацца? – хітравата зірнула Параска, падымаючы галаву ад сшыткаў, якія правярала.
– Увесь не ўвесь. А гуляць, можно сказаць, некалі…
– Вам жа не трэба сшыткаў правяраць! І непісьменных вы грамаце не вучыце! Часу ў вас павінна быць аж лішне!
– Дыхнуць некалі! Як у раён перайшоў!
Ён, пасля таго як не выбралі ў сельсавеце, уладзіўся раённым упаўнаважаным. Невялікае, але ўсё ж начальства, з партфелем ходзіць! І палёгку даць, і прыціснуць можа, што ні кажы – раённы прадстаўнік! Недарэмна частуюць ледзь не ўсюды! Ганна заўважыла неспакойны бляск у яго вачах, падумала: і цяпер от, не інакш, з пачастунку! Аж шрам каля рота пачырванеў!
Дубадзел перахапіў яе позірк, кіўнуў, каб выйшла на ганак. Яна павяла плячыма, нібы не зразумела. Ён падумаў, устаў, строга афіцыйным тонам вялеў:
– Ганна, прашу выйсці.
– Чаго ето?
– Дзело есць! Выясніць трэба…
– Дак выясняй тут.
Ён ніякава памаўчаў. Скоса, асцярожліва зірнуў на Параску. Перавёў позірк на Ганну, недавольна пакруціў галавою: нездагадлівая!
– Пры пастаронніх нельга…
Параска адразу адгукнулася:
– Дык я магу выйсці!
– Не, вы работайце! – Ён сказаў