Название | Завеі, снежань |
---|---|
Автор произведения | Іван Мележ |
Жанр | Литература 20 века |
Серия | |
Издательство | Литература 20 века |
Год выпуска | 1976 |
isbn | 978-985-02-0190-4 |
Напіўшыся, выціраючы яшчэ чырванейшы, потны твар, мачыха хвіліну сядзела важная, сур'ёзная. Як бы паказваючы, што цяпер пара пра галоўнае пачаць.
– Буў ужэ?.. – не то запытала, не то адзначыла проста. Ганна зразумела – пра Яўхіма гаворыць.
– Буў.
Мачыха сур'ёзна стуліла губы. Уздыхнула.
– І к нам прыходзіў. Гразіўся.
– Няхай грозіцца! – Ганна весела ўстала, накрыла слоік з варэннем. – Тут таксамо страшыў! Да я астудзіла трохі!
Бацька не павесялеў ад яе слоў. На твары паявілася нешта нават такое, нібы папракнуць хацеў.
– Ты асцярожней будзь, – папрасіў лагодна. – Ён – паганы…
– Аге, ён калі пагразіўся, дак нешто думае, – павучальна дадала мачыха. – Ты ўсё-такі бойся!
– Не такі ён страшны, – разважліва ўжо, каб не трывожыць лішне бацьку, прамовіла Ганна.
– Страшны не страшны, а – асцярожней будзь.
– Да ўжэ ж, сама не палезу на ражон.
Зноў папілі чаю са сподачкаў і сталі збірацца. Ужо каля калёс, перад тым як развітацца, бацька яшчэ нагадаў:
– Ён – паганы. Не адступіцца так… Ну, і тое – беражонага – Бог беражэ…
– Ето праўда, – стуліўшы губы, кіўнула мачыха.
Ганна не стала пярэчыць. Бацька раптам болесна скрывіўся, ледзь не заплакаў. Але стрымаўся.
– Калі што трэба будзе, накажы.
– Накажу.
Пасля іх было маркотна, трывожна думала пра Яўхіма. Але з усім была і палёгка: цяпер ведала, як яны там, пасля ўсяго, што яна зрабіла.
Пад вечар таго ж дня заехаў Міканор. Прывязаў каня каля плота, доўга атрэсваўся каля калёс, выціраў запыленыя боты. На ганку ўжо прыпыніўся, агледзеў сябе яшчэ раз, абцягнуў пінжак, з калідора громка, смела пастукаў.
Ганна, хоць у акно бачыла ўжо, запыталася, хто там; а калі ён брава ўвайшоў, акінуўшы позіркам яго нацятую постаць, сказала радасна:
– О, Міканор сам! Не забывае сваіх куранёўскіх!
– А чаго ж забываць, – у тон адказаў Міканор. – Ето от штоб некаторыя куранёўскія не зазналіся. Не забылі сваіх!..
Ён, адразу заўважыўшы, што Параскі няма, прыслухаўся, ці не чуваць на кухні, у класах. Ганна перахапіла яго, з насмешачкай памагла:
– Параскевы Андрэеўны няма. Пайшла на сяло. Саўсім нядаўна.
Ён нібы не заўважыў яе насмешкі, знарок спакойна патупаў, зірнуў у акно да каня.
– Ехаў от з Юравіч. Дай, думаю, пагляджу, як жывуць…
– Жывем от неяк. Не жалуемся. – Падчапіла: – Каб часцей заязджалі некаторыя, дак, можа б, шчэ лепей жылі.
– На адчот у райком вызывалі, – нібы не заўважыў ён жарту. – Як да зімы падгатовіліся. – Міканор сеў на крэсла каля стала са сшыткамі, узяў адзін, разгарнуў.