Название | Леаніды не вернуцца да Зямлі |
---|---|
Автор произведения | Уладзімір Караткевіч |
Жанр | Литература 20 века |
Серия | Збор твораў |
Издательство | Литература 20 века |
Год выпуска | 1962 |
isbn | 978-985-02-1550-5 |
– Якi ж вы нiзкi чалавек. Ляснулі за ёю дзверы бакоўкі.
– М-гух, сука, – сказаў Пора-Леановiч.
Гораў праглынуў камяк у горле і ціха сказаў:
– Леановіч, гэта брыдка.
Але на вуснах начальніка кардона зноў з’явілася прыязная і страшнаватая ўсмешка.
– Капітан, – сказаў ён, – гэта, здаецца, вас прыставілі наглядаць за мною, а не мяне за вамі. Мне здаецца, яны зрабілі дрэнны выбар.
Гораў аслупянеў. Ён ніколі не ведаў, ніколі нават не мог падумаць, што на яго можа ўпасці такое падазрэнне. Ён стаяў, моўчкі хапаючы ротам паветра. Бялявыя хвалістыя валасы прыліплі да спацелага лба, глыбокія сінія вочы сталі жаласнымі.
Быццам атрымаўшы ўдар пад грудзі, ён з хвіліну моўчкі хапаў ротам паветра, а потым кінуўся прэч з пакоя.
Стоячы за рагом хаты, адчуваючы, як мокры ліст высокай вяргіні часам гладзіць яго па шчацэ, ён у думках пагражаў Леановічу самымі жахлівымі помстамі і ў той самы час ведаў, што нічога ён яму не зробіць, што гэты брэцёр з халоднымі вачыма робіць правільна, затрымліваючы жанчыну да раніцы, што на баку гэтага чалавека – права, права вайны, якой яны абодва служаць.
«Што ж, нічога не здарыцца дрэннага. Адна ноч. I раніцай яна сустрэне мужа. Ім дадуць спатканне, – думаў ён. – За што ж я злуюся на Леановіча, які шчыра выконвае загад?.. За тое, што ён свіння. Чаму?.. Ага, проста нельга адбіраць у гэтай жанчыны тых некалькі лішніх гадзін, што яна будзе з мужам перад тым, як… навекі, назаўсёды, хоць ён і будзе жывы».
Мокры ліст вяргіні зноў з ліслівай абыякавасцю пагладзіў яму шчаку.
«Але чаму «навекі»? Чаму «назаўсёды»? – думаў Юрый. – Ён пасядзіць год пяць, а потым, вядома, будзе амністыя… Цар міласэрны… Дрэнны чалавек не адпусціў бы на волю прыгонных… I ўсё ж гэта жахліва… Нават пяць год. У жанчын такая мімалётная прыгажосць! Што будзе з яе вачыма, з гэтай гордай шыяй, з гэтымі валасамі праз пяць год? Шкада жанчын, шкада іх дзіцячай безабароннасці… Толькі яе… А Леановіч робіць так, як трэба. Ён добры салдат, Леановіч, а я дрэнны… дрэнны».
I ўсё ж Гораў адчуваў, што ён ніколі не даруе сабе гэтай ночы, гэтых разважанняў за рагом хаты. Ён са злосцю адкінуў рукою мокрае сцябло вяргіні і ступіў у пляму святла, што падала з акна хаты на гразь.
Было дваццаць хвілін на трэцюю.
Ля плота, непадалёк, стаяў Іван, трымаючы нешта за пазухай.
Гораў глыбока ўздыхнуў – нясцерпна было вось так, аднаму, стаяць у цемры – і падышоў да яго. Салдат трымаў за пазухай адну руку. На яго цёмным твары блішчалі вочы пад кашлатымі бровамі.
– Што гэта ў цябе?
– А галчаняткі… бедныя. Познія, – сіпатым голасам сказаў Іван. – Гняздо раскатала. Жорсткая штука ўраган, барын. Дзе хавацца? На якой зямлі?
Настала паўза. Іван глядзеў за пазуху.
– Ты адкуль, Iван? – цiха спытаў Гораў.
– Маскоўскі.
– Землякі,– з нечаканай для сябе пяшчотай сказаў Юрый.
Зноў запанавала маўчанне. Толькі шапацеў па дзядоўніку дождж.
– О-ох, – сказаў сіпаты голас Івана. – Цяпер на Пятніцкай вуліцы катрынка