Час чумы (зборнік). Уладзімір Арлоў

Читать онлайн.
Название Час чумы (зборнік)
Автор произведения Уладзімір Арлоў
Жанр Современная зарубежная литература
Серия
Издательство Современная зарубежная литература
Год выпуска 2005
isbn 978-985-6701-43-0



Скачать книгу

Калі ваша Дзева Марыя абараняе яго, мы не верым, што гэта сапраўдная Маці Божая.

      – Ты блюзнерыш, кароль, а табе трэба маліцца. Уладарка свету карае ўсіх, хто ідзе супраць славы яе сына. – Жыццё яшчэ моцна сядзела ў Тэадорыху, і, перасмыкнуўшыся ад болю, ён здолеў узграбціся на ногі. – Хіба яна не скарыла князя Герцыкі? Хіба нямецкі меч не адсек галаву падступнаму князю гольмскіх ліваў? Хіба не загінуў у сваім замку мяцежны старэйшына летаў Русін? Бойся міласэрнай Дзевы Марыі, кароль!

      – Не мне трэба баяцца, а табе, бо Прыснадзевая Багародзіца аддала твой жывот у мае рукі, – сказаў Валодша, але ягоную душу на імгненне крануў нейкі цень, як быццам над ім праляцела вялікая злая птушка.

      На памяць яму ўзбегла ўчарашняя размова з княгіняй. Увечары ён прынёс у пачывальню купленыя ў Полацку перлавыя каралі. Каб лепей разгледзець дарунак, Звеніслава падышла да вакна і раптам, ускрыкнуўшы, выпусціла каралі з рук.

      «Ой, княжа, самая буйная перліна пацямнела, – шаптала яна, тулячыся да мужавых грудзей. – Благі знак. Пільнуе цябе хвароба, а можа…» Звеніслава не дагаварыла. «Не трэба мніці пра такое. Загадай, каб чырвонаму пеўню праглынуць далі, і зноў пабялее», – гладзячы цёмную княгініну касу, адказаў ён.

      Князь даўно прывучыў сябе не надта верыць у благія прыкметы, бо ведаў, што гэтак можна загубіць любую справу. Цяпер, калі да паходу заставаліся лічаныя дні, даваць волю такім думкам нельга было і пагатоў. I ўчора, з жонкаю, і цяпер ён адразу нібы мячом адсек іх ад душы і адкінуў прэч. I ўсё ж немец нешта адчуў і ўзвысіў свой голас:

      – Неба адкрыла нам тваю вераломнасць! Мы ведаем, на каго ты сабраўся ўзняць меч. Ты думаеш, твой хлуслівы бог выбраў цябе, каб спыніць мой народ? Не, кароль, гэта мяне абраў Госпад і паслаў са мною свой праклён!

      Князевым людзям здалося, што ў цёплыя сені ўварваўся вецер.

      – Загадай яго забіць! – не вытрымаў Віславус. – Загадай, бо ён накліча бяду!

      Кметы на парозе нацягнулі лукі. Усе глядзелі на Валодшу. Ігумен двума пярстамі клаў на сябе крыжы.

      Князь устаў і ўладна падняў руку.

      – Як ад аскоміны пакасць зубам і ад дыму – вачам, так і ад беззаконня – тым, што чыняць яго. – Здавалася, ад зычнага князевага голасу затрымцелі цяцівы ў луках. – Ты прыйшоў у мой горад, акі нань, назваўшыся чужым імем! Ты хацеў вызнаць, што думаюць і робяць палачане. Ты забіў кастаправа Данілу, які лекаваў мяне і маіх людзей. Ты заслужыў смерць, але не цяпер я буду судзіць цябе. Я буду судзіць цябе, калі вярнуся з паходу.

      – Забі мяне зараз! – утрапёна закрычаў біскупаў пасланец. Ягоны белы, як сала, твар скрывіла нялюдская грымаса. – Забі мяне зараз! Ты нікуды не пойдзеш і ніколі не вернешся! Ты пойдзеш туды, адкуль не вяртаюцца.

      – Забі яго, князь! – Усе паўскоквалі з лаваў.

      – Не! – перакрыў гблас Валодша. – Вы бачыце, страх зацямніў яму розум. Кіньце нямчына ў поруб! – загадаў ён кметам.

      Калі тыя, накінуўшы на шыю Тэадорыху скураную пятлю, выцягнулі яго з сяней, князь абвясціў:

      – Заўтра падыдуць першыя палкі з удзелаў. Пешыя ратнікі, прашчнікі